



Падчас урачыстасці школьнікі згадалі гісторыю станаўлення грамадскага аб’яднання, а таксама пераемнікаў БРПА, пачынаючы ад 20 -х гадоў цяпер ужо мінулага стагоддзя. Хвілінай маўчання аддалі даніну памяці людзям, якія абаранялі краіну ад ворага ў страшныя 40-я, засяродзілі ўвагу на насычанасці мерапрыемствамі і добрымі справамі сучасным піянерскім жыцці. Апошніх, як адзначылі, было нямала. Гэта і дапамога тым, хто побач, і добраўпарадкаванне роднай зямлі, клопат пра састарэлых, ушанаванне памяці ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і людзей, на чый лёс выпала ваеннае ліхалецце.







Прывітаўшы членаў раённай дзіцячай арганізацыі са святам, яе лідар Алена Смарчок разам з талісманам піянерыі Рысянятам-Вогнікам уручыла ўзнагароды Магілёўскага абласнога і Бабруйскага раённага саветаў БРПА найбольш актыўным членам арганізацыі і падзякавала ўсім, хто дапамагае дзецям расквеціць жыццё, дорыць ім частачку ўласнай душы. У гэтай сувязі адзначыла педагога-арганізатара Цялушскай школы Святлану Пракапенка.
Для некаторых піянераў сённяшняя ўрачыстая лінейка стане запамінальнай і тым, што ў гэты дзень яны развіталіся з галоўным атрыбутам аб’яднання — чырвона-зялёным гальштукам і ўліліся ў рады Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Гонар уручыць білеты члена БРСМ быў дадзены прадстаўніку найстарэйшага пакалення — Яўгеніі Доўнар. У прамове да моладзі старшыня раённай ветэранскай арганізацыі пажадала юнакам і дзяўчатам “гарэння”, якім была адзначана маладосць яе пакалення, і галоўнае — любіць і шанаваць Радзіму.



Быць сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны, паважаць старэйшых і тых, хто побач, з цеплынёй ставіцца да родных пажадалі нашчадкам камсамольскага руху іншыя камсамольцы мінулых год.
Членам жа БРПА ўсе пажадалі — насычанага, захапляльнага жыцця ў краіне Піянерыі, дзе іх чакаюць новае сяброўства і цікавыя справы. Праўда, для гэтага ад іх патрабуецца быць шчырымі, сабранымі і адказнымі.