Узначаліла работу Пленума старшыня райкама прафсаюза Таццяна Бокач. Удзел у яго рабоце прынялі галоўны тэхнічны інспектар працы Магілёўскага абласнога камітэта галіновага прафсаюза Алег Кузменка, кіраўнікі ўстаноў адукацыі раёна, старшыні і члены пярвічных прафсаюзных арганізацый.
У ліку асноўных пытанняў, што стаялі на парадку дня Пленума, было “Аб ходзе рэалізацыі Праграмы дзейнасці Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і Праграмы дзейнасці Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі на 2020-2025 гады, задачах на 2025 год”.
У сваім дакладзе Таццяна Бокач адзначыла, што на ўліку ў раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі на 1 студзеня значылася 769 чалавек, з іх 28 — ветераны педагагічнай працы. Наладжана цеснае ўзаемадзеянне і ўзаемапаразуменне паміж раённай арганізацыяй прафсаюза і сацыяльнымі партнёрамі — аддзелам па адукацыі Бабруйскага райвыканкама, вынікам чаго з’яўляецца задаволенасць работнікаў абставінамі, якія складваюцца ў калектывах. За час дзеяння праграм дасягнуты значны рост велічыні заробнай платы работнікаў адукацыі. У 2024 годзе па ўзроўню намінальна налічанага сярэднемесячнага заробку ў галіне “адукацыя” (1464,8 руб. +2,7%) Бабруйскі раён значыўся на 3 месцы сярод 23 раёнаў Магілёўскай вобласці. Вялікая ўвага надаецца маладым спецыялістам. Працэнт іх замацавання ў апошнія гады вырас і складае 50,4%. За асабісты ўнёсак у агульныя вынікі працы, згодна з калектыўнымі дамовамі, кіраўнікі ўстаноў актыўна прымяняюць да маладых спецыялістаў меры маральнага і матэрыяльнага заахвочання.
Не застаецца без дадатковага заахвочання і праца вопытных, ініцыятыўных педагогаў — пераможцам і прызёрам конкурсаў прафесійнага майстэрства, педагогам, якія падрыхтавалі алімпіяднікаў, маюцца надбаўкі за высокія дасягненні ў працы.
На Пленуме таксама былі абмеркаваны і зацверджаны справаздачы аб выкарыстанні каштарысу даходаў і выдаткаў раённай арганізацыі за 2024 год і аб каштарысе даходаў і выдаткаў сродкаў арганізацыі на бягучы год. Даклады па іх зрабіла галоўны бухгалтар раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Кацярына Валовіч.
У падвядзенне вынікаў работы Пленума найбольш актыўным старшыням пярвічак Таццяна Бокач уручыла ўзнагароды.








