Райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ў асобе старшыні Надзеі Дудаль уручыў лісты падзякі і падарункі людзям, без чыёй працы засекі краіны не былі б запоўнены, тым, хто з дня ў дзень бездакорна выконвае пастаўленыя перад імі вытворчыя задачы. Узнагарод прафсаюза напярэдадні прафесійнага свята ўдастоены пяцёра вадзіцеляў СВК “Гігант”: Уладзіслаў Башылаў, Сяргей Педан, Віктар Шавялёў, Уладзімір Пінчук і Міхаіл Альховік.
— Раён ганарыцца вамі. Спадзяемся, што сваёй плённай працай вы і надалей будзеце садзейнічаць развіццю Прыбярэзінскага краю і нашай краіны. Моцнага ўсім вам здароўя, дабрабыту і мірнага неба над галавой, — адзначыла Надзея Дудаль.
Да пажаданняў далучыліся старшыня Бабруйскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Віталь Сідзюк і лідар прафсаюзнай пярвічкі “Гіганта” Анастасія Гацко.
***
Сваёй увагай прафсаюзы не абыходзяць і колішніх працаўнікоў арганізацый Бабруйшчыны — людзей, чыя стваральная, зачастую фізічна нялёгкая, праца — у аснове цяперашняга дабрабыту, бязвоблачнага жыцця.
Сёння старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Віталь Сідзюк разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Надзеяй Дудаль і кіраўніком пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ “Міхалёўская Ніва” Жанай Сахноўскай з падарункам і кветкамі наведаліся да ветэрана працы сельгасарганізацыі, жыхаркі в. Звязда, 85-гадовай юбіляркі Марыі Яўсееўны Шкрадзюк.
Пацікавіліся здароўем і заняткам імянінніцы, падзякавалі за неацэнны ўнёсак у развіццё гаспадаркі і раёна, пажадалі Марыі Яўсееўне здароўя, цеплыні родных, аптымізму і бадзёрасці.