Дваццаць юнакоў і дзяўчат ва ўзросце ад 14 да 18 год будуць працаваць на сельскагаспадарчых угоддзях прадпрыемства. У гэтыя дні, як адзначыў начальнік агранамічнай службы СВК Аляксандр Парахневіч, школьнікі задзейнічаны на відавой праполцы азімай пшаніцы.
— Гэта ўжо чацвёрты студатрад у раёне. Да гэтага атрады створаны і працуюць на базе Бабруйскага лясгаса — экалагічны, ААТ «Агракамбінат Бабруйскі» — сельскагаспадарчы і ТАА «БабруйскБудСтыль» — будаўнічы. Працуюць у іх вучні адпаведна Брожскай, Гарбацэвіцкай і Каменскай сярэдніх школ, — адзначыла Дар’я Панцялеева, першы сакратар Бабруйскага раённага камітэта ГА «БРСМ». Раённы камітэт з’яўляецца арганізатарам студатрадаўскага руху ў раёне, каардынатарам — аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама.
Настрой у байцоў, як нам паведамілі, выдатны. І ад ўсведамлення, што сваёй працай прыносяць карысць роднай гаспадарцы, і ад будучага заробку, прызначэнне якога многія ўжо спланавалі.