Russian Belarusian Chinese (Simplified) English French German

logo

Адрес: 213809 г. Бобруйск, ул. Пушкина, 215а

Телефон приемной: 8 (0225) 74-99-41

E-mail: Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00

Праект “Песня роднай зямлі” на Бабруйшчыне

Упэўнена, у зале раённага Цэнтра культуры не было чалавека, хто б з абыякавасцю ўспрыняў літаратурна-пластычны спектакль па творах паэта, старшыні Магілёўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Алеся Казекі “Медуніца” і “Марыйка” ў пастаноўцы Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў.

І самі паэмы з іх глыбокім гуманістычным, антываенным сэнсам, і выдатная пастаноўка, прафесійнае выкананне навучэнцаў, цудоўнае валоданне імі беларускай мовай выклікалі настолькі моцны водгук у сэрцах гледачоў: работнікаў раённых арганізацый і навучэнцаў раённых устаноў адукацыі, настолькі моцны накал эмоцый, што мала хто змог утрымацца ад слёз. І ў першым, і ў другім творы паэт даў зразумець, якое вялікае шчасце для чалавека — жыць у гармоніі з сабой і прыродай і якую вялікую пагрозу яму, трагедыю для чалавека нясе вайна.

Ліза Падаляк, 18 год:

— Я вельмі ўраджана. Тым болей, што тэма вайны актуальная, усіх хвалюе, што зараз адбываецца паміж Расіяй і Украінай. Што да Вялікай Айчыннай, то нашу сям’ю яна не абмінула, стала трагедыяй для маіх бабуль і дзядуль. У маёй сям’і з пашанай адносяцца да ветэранаў. Так што сённяшні прагляд выклікаў слёзы і вельмі моцныя эмоцыі.

 

 

Анастасія Гацко, 29 год:

— Спектакль выклікаў вельмі моцныя эмоцыі — дазволіў пагрузіцца ў тыя пачуцці, адчуванні, якія давялося перажываць нашым продкам у гады Вялікай Айчыннай вайны. Эмоцыі, скажу, да слёз.

 

 

 

 

Вольга Забашняя, 22 гады:

— За душу моцна ўзяло. Тэма вайны для мяне заўжды надта перажыўная, кранальная: у мяне прадзядуля прайшоў вайну і атрымаў раненне. Прыемна, што выканаўцы спектакляў — юнакі і дзяўчаты той установы, дзе вучылася ў свой час і я сама.

 

 

 

 

***

Сам жа Алесь Казека (ён таксама прысутнічаў у зале), падзякаваўшы педагогам і навучэнцам каледжа мастацтваў за цудоўную працу, усім пажадаў шчасця, здароўя і міру.

— Гэта гісторыя — гісторыя маёй сям’і (правобразам галоўнай гераіні ў “Марыйцы” стала маці аўтара). Яна болем прайшла праз усё маё жыццё, шмат год не мог услых чытаць паэму. І сёння хачу сказаць — каб ніколі-ніколі не паўтарылася на нашай беларускай зямлі вайны. Каб нікому з вас, вашых блізкіх не было балюча, каб вы не станавіліся без віны вінаватыя. Любіце жыццё, любіце адно аднаго. Любіце Радзіму сваю, як маці, зямлю, на якой нарадзіліся, бо яе ж не выбіраюць. Я бачу слёзы на вашых вачах — а гэта для мяне самы-самы вялікі падарунак, — адзначыў ён.

У сваю чаргу Дзмітрый Вяроўкін, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама, заўважыў, што падобныя мерапрыемства носяць патрыятычна-выхаваўчае значэнне і будзе добра, калі пабачанае і пачутае падчас прагляду пастановак стане тэмай для абмеркавання на куратарскіх, класных вучнёўскіх гадзінах, у працоўных калектывах. Каб напярэдадні вялікага свята — Дня Перамогі — кожны змог яшчэ раз пранікнуцца перажываннямі, якія выпалі на долю дзедаў і прадзедаў — абаронцаў Айчыны, і захаваў у сабе, перадаў нашчадкам нескажоную памяць пра іх вялікую любоў да Радзімы, самаахвярнасць і неўміручы подзвіг.

 

Нагадаем, праект “Песня роднай зямлі” рэалізуецца ў Магілёўскай вобласці на працягу бягучага года. Яго арганізатары — Магілёўскае абласное аддзяленне ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, абласное аддзяленне ГА “Беларускі фонд міру”, Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў пры падтрымцы глаўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама. Мэта праекта — узмацненне грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі, захаванне і данясенне да шырокіх мас грамадскасці праўды пра генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны (у частцы спектакля па паэме “Марыйка” глядач становіцца сведкам страшэннай трагедыі — спальвання фашысцкімі карнікамі бязвінных людзей), а таксама фарміраванне пачуцця патрыятызму і любові да Радзімы, папулярызацыя літаратурнай творчасці, захаванне гістарычнай памяці. 

Прочитано 130 раз
ЗанятостьТуризм и отдых Лицензирование Туристическая карта Бобруйского района Трудоустройство молодежи в свободное от учебы время
© 2013 г. Бобруйский районный исполнительный комитет
Разработка и поддержка: КУП «МОЦИС», г. Могилев.