Камісія па аграрных пытаннях, экалогіі, прыродакарыстанні, жыллёва-камунальнай і дарожнай гаспадарцы, якую ўзначальвае Васіль Жук, разам з кадравым пытаннем (абраннем намесніка старшыні камісіі і сакратара) абмеркавала такія актуальныя пытанні як стан ачышчальных збудаванняў у раёне і выкананне патрабаванняў па іх эксплуатацыі, навядзенне парадку на зямлі і добраўпарадкаванне тэрыторый, выкананне комплекснага плану мерапрыемстваў па прафілактыцы шаленства ў Бабруйскім раёне на 2018-2025 гады. Дакладчыкамі выступілі прадстаўнікі Бабруйскай гаррайінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і БЗЦГіЭ.
Сярод тэм, што вынеслі на разгляд члены пастаяннай камісіі па пытаннях мясцовага кіравання і самакіравання, законнасці і мандатах (камісію ўзначальвае Вераніка Падаляк), значылася і воечасовая на гэтую пару тэма забеспячэння бяспечных умоў адпачынку ля вады і купанне грамадзян. Таксама была абмеркавана практыка работы Гарбацэвіцкага сельвыканкама па прыцягненні органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання да рашэння пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва.
Камісія па пытаннях сацыяльнай сферы, сацыяльнай абароны грамадзян, справах моладзі і сродках масавай інфармацыі пад старшынствам Таццяны Гацук, заслухаўшы дакладчыкаў, прыняла адпаведныя рашэнні па пытаннях развіцця фізічнай культуры, спорту і турызму ў раёне, а таксама па рабоце ўстаноў культуры на тэрыторыі Бабруйскага раёна.
Словам, пытанні падчас пасяджэнняў пастаянных камісій разгледжаны злабадзённыя, якія патрабуюць дакладных рашэнняў, бо накіраваны на паляпшэнне жыццядзейнасці і дабрабыту жыхароў раёна, забеспячэнне іх бяспекі. Па кожным дадзены слушныя рэкамендацыі, іх выкананне ўзята дэпутатамі на строгі кантроль.
Алена КАРПЕНКА. Фота з архіва Бабруйскага райсавета дэпутатаў.