Не адзін год у Осаве Гарбацэвіцкага сельсавета ладзяцца дні вёскі. Яскравыя, шматлюдныя, дзе кожны знойдзе для сябе цікавасць. На свяце ўшаноўваюцца актывісты грамадскага жыцця, гаспадары дагледжаных домаўладанняў, жыхары найбольш сталага веку, самыя маленькія і тыя, чый гарманічны працяглы шлюб — прыклад для іншых…
З’явілася і падтрымліваецца гэтая добрая традыцыя — з лёгкай рукі старасты населенага пункта, неабыякавага, ініцыятыўнага, дзейснага Віктара Саўко.
Да сёлетняга Дня вёскі ў Осаве, які адбудзецца 3 чэрвеня, ўжо таксама рыхтуюцца. Віктар Аляксандравіч з работнікамі мясцовай установы культуры добраўпарадкоўваюць месцы грамадскага карыстання: фарбуюць кветнікі, усталёўваюць і абнаўляюць імправізаваную сцэну, надаюць лоск вонкаваму выгляду СДК. Сам стараста заняты абрэзкай кустоў, праводзіць абкоску тэрыторыі і рады кожнаму, хто гатовы аказаць дапамогу ў падрыхтоўцы да ўрачыстасці, на карысць агульнай мэты — зрабіць сваю вёску найлепшым месцам на зямлі.
Алена КАРПЕНКА.