"Спецыяльны транспарт мае ўвесь неабходны пералік абсталявання (адмысловая камп’ютарная тэхніка, счытвальнік банкаўскіх плацежных карт, мадэм, электронныя вагі… ), каб забяспечыць насельніцтва поўным спектрам паслуг. - адзначыла Алена Котава. - Тут можна будзе набыць розныя тавары, заплаціць за камунальныя паслугі, крэдыты і мабільную сувязь, адправіць перавод, ліст ці пасылку, аформіць падпіску і страхоўку. Графік працы перасовачнай пошты залежыць ад колькасці жыхароў і катэгорыі насельніцтва. Гэта можа быць і гадзіна, і дзве, і нават паўгадзіны. Прычым аўтамабіль заязджае нават туды, дзе раней не было стацыянарнай пошты".
За мінулы і сёлетні гады на Магілёўшчыне па ўзгадненні з мясцовымі органамі кіравання скасавана 50 аддзяленняў. Гэтыя змены адбыліся там, дзе абслугоўвалася менш чым 500 жыхароў. Па словах Алены Котавай, такіх на канец мінулага года было больш за палову з 348 сельскіх аддзяленняў. Па яе словах, такія паслугі, як адпраўка пасылак, паштовак і некаторыя іншыя цяпер страцілі былую папулярнасць. Аддзяленні неслі вялікія страты ці наогул знаходзіліся на мяжы выжывання. Каб стабілізаваць становішча, уводзіцца перасоўнае абслугоўванне. Аптымізацыя закранула ўсе раённыя вузлы паштовай сувязі.
Як запэўніваюць спецыялісты, змены, якія адбываюцца ў гэтай галіне, накіраваны на тое, каб палепшыць якасць абслугоўвання. Сучасныя аддзяленні паштовай сувязі аказваюць насельніцтву больш чым 40 паслуг, палова з якіх няпрофільныя. Напрыклад, цяпер кліент можа даведацца аб перамяшчэнні сваёй паштоўкі ці пасылкі з дапамогай SMS-апавяшчэння. Адпраўніку дастаткова пазначыць на канверце нумар мабільнага тэлефона і заплаціць за паслугу.