У 18 лагерах рознага тыпу, арганізаваных на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, будзе задзейнічана 385 дзяцей. Яшчэ 240 выхаванцаў пройдуць аздараўленне ў лагеры з кругласутачным знаходжаннем «Бабраня-2010». Такім чынам усяго ў лагерах плануецца аздаравіць 625 школьнікаў, ці 43% ад агульнай колькасці навучэнцаў (у мінулае лета — 36%). Асаблівасцю гэта года стане тое, што лагеры з дзённым знаходжаннем на базе ўстаноў адукацыі будуць працаваць у розныя летнія месяцы. 5 такіх лагераў пачнуць работу з 5 па 24 чэрвеня. З 19 чэрвеня па 10 ліпеня будуць дзейнічаць 4 лагеры працы і адпачынку — на базе Глушанскага, Цялушскага, Міхалёўскага вучэбна-педагагічных комплексаў і Туркоўскай сярэдняй школы. З 26 чэрвеня па 17 ліпеня пачнуць работу 3 лагеры з дзённым знаходжаннем. Яшчэ 4 — з 24 ліпеня па 12 жніўня. Традыцыйна будуць працаваць палатачныя перасоўныя лагеры турысцка-краязнаўчага профілю: з 1 па 9 ліпеня — на базе Гарбацэвіцкай СШ, з 7 па 15 жніўня — на базе Варатынскай.
Што датычыцца лагера «Бабраня-2010», то адпачынак тут арганізаваны ў тры змены. Першая будзе доўжыцца з 3 па 20 чэрвеня, другая — з 24 чэрвеня па 11 ліпеня, трэцяя — з 15 ліпеня па 1 жніўня.
Асаблівая ўвага падчас лета будзе нададзена дзецям, якія значацца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, і тым, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы — іх занятасць на час канікулаў спланавана стопрацэнтна. Прычым, каб пазбегнуць на ўзроўні школ фармалізму, апошняе ўзята аддзелам на асобны кантроль.
Як і ў папярэднія гады, не застануцца без аздараўлення дзеці-сіроты і тыя, хто застаўся без бацькоўскай апекі. 61 дзіця ўлетку адпачне ў лагеры «Бабраня-2010», пераважная частка (46) — двойчы.
Не апошняе месца ў арганізацыі летняй занятасці сельскіх школьнікаў традыцыйна займае працоўная дзейнасць. Сёлета ў асноўным будуць функцыяніраваць працоўныя атрады старшакласнікаў па добраўпарадкаванні тэрыторыі, вучнёўскія вытворчыя брыгады. Частка дзяцей будзе ахоплена індывідуальнай працоўнай дзейнасцю. Аддзел адукацыі, спорту і турызму заключыў дагавор з упраўленнем па працы, занятасці і сацабароне аб часовым працаўладкаванні 80-ці старшакласнікаў. З іх сфарміравана 6 атрадаў, якія будуць працаваць на базе Глушанскага, Міхалёўскага, Цялушскага ВПК, а таксама Туркоўскай, Туголіцкай і Брожскай СШ.
Акрамя таго, на працягу ўсяго лета на базе ўстаноў адукацыі будуць функцыяніраваць дзіцячыя гульнёвыя пляцоўкі, аб’яднанні па інтарэсах, дзейнічаць 27 валанцёрскіх атрадаў і атрадаў «Міласэрнасць», у чыіх задачах — аказанне шэфскай дапамогі тым, каму яна патрэбна.
Варта адзначыць, што ў мэтах падрыхтоўкі да школьных летніх канікулаў, зладжанага і бяспечнага іх правядзення, у райвыканкаме на мінулым тыдні прайшла рабочая нарада з удзелам намесніка старшыні райвыканкама Сяргея Ляпічава, кіраўнікоў устаноў адукацыі, прадстаўнікоў зацікаўленых службаў. Пасля даведзеных начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Аленай Баркоўскай задач па бесперашкодным функцыяніраванні ўсіх форм лагераў былі абмеркаваны такія значныя на перыяд аздараўленчай кампаніі пытанні, як арганізацыя, у адпаведнасці з санэпіднормамі, быту і харчавання выхаванцаў, забеспячэнне іх бяспекі, змястоўнага баўлення часу. Была завострана ўвага на прафілактычнай рабоце з непаўналетнімі і іх бацькамі ў час канікулаў, на давядзенні дарослым інфармацыі аб наступствах супрацьпраўных паводзін дзяцей (дырэктар Гарбацэвіцкай СШ Людміла Есіна прапанавала пашырыць спосабы інфармавання грамадзян, у першую чаргу бабуль і дзядуль, да якіх на летняе аздараўленне прыязджаюць непаўналетнія гараджане), іншых значных пытаннях.
Падводзячы вынікі нарады, Алена Баркоўская заўважыла, што канікулы ў навучэнцаў — напружаны час работы для школьных калектываў, і заклікала апошніх прыкласці максімум намаганняў для таго, каб раённая праграма па аздараўленні і занятасці дзяцей «Лета-2017» была цалкам рэалізавана, а канікулы запомніліся вучням і педагогам толькі добрымі справамі і цікавымі мерапрыемствамі.
Па матэрыялах грамадска-палітычнай газеты «Трыбуна працы»