Гэтая работа вядзецца ва ўсіх сельгасарганізацыях. У першую чаргу займаюцца падкормкай азімага рапсу, які, дарэчы, нядрэнна перазімаваў. Азімыя зерневыя культуры пашкодзіліся ў большай ступені. З-за высокага снежнага покрыву адбылося распаўсюджванне на іх снежнай плеснявіцы. Прычым, хваробе паддаліся каля 60 працэнтаў пасеваў. Тэрміновая падкормка, якую вядуць гаспадаркі, павінна расліны рэабілітаваць, тым болей, што ў колькасным плане яны захаваліся нядрэнна, і можна разлічваць — пры своечасовай і дастатковай падкормцы, з захаваннем тэхналагічных патрабаванняў — на іх аднаўленне, і ў далейшым — на нядрэнны ўраджай. Лепш за ўсё гэтую работу праводзіць цяпер КАСам. Для апрацоўкі пасеваў гэтым угнаеннем выкарыстоўваюць агрэгат «Раса». Такія машыны працуюць у СВК «Гігант», ААТ «Саўгас Кісялевічы», філіяле "Варатынь«РУП «БЗ ТдіА», СВК «Калгас імя Дзяржынскага». На тыдні новы агрэгат набылі ў СВК «Калгас імя А. Неўскага». Машына высокавытворчая, за дзень ёй можна апрацаваць больш 200 га пасеваў, што дазваляе правесці падкормку ў кароткія тэрміны.
З улікам таго, што жывёла ў хуткім часе будзе пераведзена на выпас, у гаспадарках вядзецца падкормка сенакосаў і пашы. Падсейваюцца мнагалетнія травы. На гэты час падсеяна 800 га канюшыны, гэтая работа працягваецца.
Што да сяўбы ранніх зерневых культур, то на палях, якія ўжо выспелі, раён прыступіць літаральна праз дзень-два. З-за павышанай вільготнасці пра ўсе палі, нават у межах адной гаспадаркі, гаварыць яшчэ рана.
Па матэрыялах грамадска-палітычнай газеты «Трыбуна працы»