Адкрыла мерапрыемства намеснік старшыні райвыканкама Святлана Носава, якая натхніла ўдзельнікаў на перамогу, пажадала маладым людзям поспехаў і вязення.
Сёлета прэтэндэнтаў на пачэснае званне найлепшага вучня раёна было пяцёра: Ілья Залужны з Бортнікаўскай сярэдняй школы, Таццяна Бусел з Ленінскага ВПК «Дзіцячы сад-СШ», Марына Сычова з Гарбацэвіцкай школы, Крысціна Валадзько — з Брожскай і Ксенія Ступакова з Хімоўскага ВПК. Усе вучні — пераможцы школьных, раённых, абласных алімпіяд, прымаюць удзел у навукова-даследчай рабоце, актыўныя ўдзельнікі спартыўных і творчых конкурсаў. Да прыкладу, работа вучаніцы Гарбацэвіцкай школы гэтым часам прымае ўдзел у рэспубліканскім этапе агляду-конкурсу дзіцячай творчасці «Дзень добры, свет!».
Падчас заключнага этапу ад канкурсантаў патрабавалася арыгінальна пра сябе распавесці, прадэманстраваць майстэрства аратара, валоданне мудрасцю слова і г.д.
Бясспрэчна, кожны з прэтэндэнтаў на ганаровае званне праявіў сябе эрудзіраваным, таленавітым, творчым чалавекам. Аднак конкурс ёсць конкурс, звання «Вучань года» можа быць удастоены толькі адзін школьнік. Па суме набраных балаў, з пераважнай колькасцю галасоў, журы, якое ўзначаліла галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Ала Аліферовіч, прыйшло да агульнага меркавання — прызнаць «Вучнем года-2013» 11-класніцу Гарбацэвіцкай школы Марыну Сычову. Сімпатыяй гледачоў па выніках конкурсу ўдастоілася Таццяна Бусел.
Уручаючы пераможцы і ўсім удзельнікам граматы і каштоўныя падарункі, начальнік аддзела адукацыі Фёдар Багдановіч выказаў маладым людзям словы падзякі, у тым ліку і за мужнасць. Бо дэманстраваць перад аўдыторыяй свае веды і эрудыцыю і пры гэтым прэтэндаваць на арыгінальнасць — адважыцца і зможа далёка не кожны выдатнік.
Павіншавала канкурсантаў і Вольга Грэк, начальнік аддзела па справах моладзі. З яе рук юнак і дзяўчаты атрымалі энцыклапедыі ад аддзела. Тым, хто наважыцца паўдзельнічаць у конкурсе ў наступным годзе, яны, без сумнення, спатрэбяцца.
Па матэрыялах грамадска-палітычнай газеты «Трыбуна працы»