Сельгасарганізацыі гэтым часам заключаюць дагаворы на набыццё эліты, дамаўляюцца з элітвытворцамі аб разліку за насенне: грашовымі сродкамі, зернефуражом, іншай прадукцыяй. Ва ўсялякім разе, як паведамілі ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, раённыя элітгаспадаркі заўжды ідуць насустрач сваім сельгаспрадпрыемствам у гэтым плане.
Нашаму раёну сёлета размеркавана больш за 300 тон элітнага насення зерневых культур: ячменю, аўсу, пшаніцы, грэчкі, з зернебабовых — гароху. На яго пастаўку пад яравую сяўбу сельгаспрадпрыемствы будуць заключаць дагаворы ў тым ліку і з іншымі элітгаспадаркамі вобласці.
На гэтым тыдні аграрыі прыступяць да пратручвання ўласнага насеннага фонда. Для гэтых мэт у кожнай сельгасарганізацыі маецца спецыяльная машына, у некаторых — па дзве, у залежнасці ад аб’ёмаў насення. Усе яны спраўныя і гатовы да работы. Праўда, не ва ўсіх гаспадарках пад поўную патрэбу маецца пратрута. Дагаворы на яе пастаўку з Бабруйскім ААТ «Аграмашсервіс» заключаны, справа за 30-працэнтным задаткам, пасля ўнясення якога сродкі аховы раслін адпускаюцца.
Неабходнасць у пратручванні насення відавочная: у глебе і на зерні маецца шмат інфекцый, якія, калі насенне не пратруціць, не дазволяць атрымаць добрыя ўсходы, будуць садзейнічаць развіццю каранёвых гніляў, іншых хвароб на раслінах. Апошнія не змогуць добра расці і развівацца. Па гэтых прычынах выкарыстоўваць для сяўбы непратручанае насенне забараняецца. Менавіта таму ўсё без выключэння яно ў раёне будзе пратручана.
Па матэрыялах грамадска-палітычнай газеты «Трыбуна працы»