Без сумнення, колішнім членам УЛКСМ ёсць што прыгадаць. І сёння ўспамінамі пра насычанасць камсамольскага жыцця дзеліцца галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама, былы сакратар Бабруйскага райкама ЛКСМБ Юрый Себруковіч.
— Быць камсамольцам у мае школьныя гады было вельмі пачэсным. Калі яшчэ насіў піянерскі гальштук, з зайздрасцю паглядваў на тых, у каго на піджаку красаваўся камсамольскі значок. Тады мы выразна ўсведамлялі, што з’яўляемся нашчадкамі камсамольцаў-герояў Вялікай Айчыннай вайны і хацелі быць падобнымі на іх. Дагэтуль згадваю вялікае хваляванне ад паездкі ў Пінск, райкам камсамола, дзе нас прымалі ў члены ЛКСМБ. Да гэтага, як і мае аднагодкі, сур’ёзна рыхтаваўся — на зубок ведаў устаў арганізацыі. Добра памятаю і прыемныя моманты — уручэнне камсамольскага білета, прышпільванне камсамольскага значка. У школе ў нас была моцная камсамольская арганізацыя, пастаяннымі былі камсамольскія сходы, падчас якіх камсоргі класаў справаздачыліся аб праробленай рабоце, там жа ставіліся новыя задачы і рабіліся выгавары тым, хто той ці іншай нядобрай справай парушаў дысцыпліну, а значыць, гонар быць камсамольцам. Нараканне можна было атрымаць і за тое, што забыўся значок дома. Трымаць адказ перад сябрамі-таварышамі і ўсім камсамольскім актывам было мала прыемным. Таму гэта была такая своеасаблівая школа выхавання для парушальнікаў дысцыпліны. У цэлым жа камсамольскае жыццё было насычаным. Праводзілася шмат цікавых мерапрыемстваў, мы з задавальненнем дапамагалі ветэранам і пажылым людзям, удзельнічалі ў суботніках, наводзілі парадак на магілах воінаў-вызваліцеляў, рыхтавалі школьныя тэматычныя вечары.
Такім жа насычаным разнастайнымі мерапрыемствамі было і членства ва ў ЛКСМБ падчас вучобы ў Магілёве, дзе я быў камсоргам групы, і ў час службы ў войску, якую нёс у Маскве на цэнтральным камандным пункце войск супрацьпаветранай абароны.
Пасля заканчэння навучальнай установы я прыехаў у Бабруйск. Некаторы час працаваў у аддзеле культуры. Пасля мне прапанавалі пасаду сакратара райкама камсамола, які знаходзіўся ў пабудове цяперашняга раённага Цэнтра культуры на вул. Савецкай. Апарат райкама быў вялікі, але і работы было шмат: пярвічных камсамольскіх арганізацый, членаў ЛКСМБ было багата, адно мерапрыемства змяняла другое. Прычым, ладзіліся яны шырока, з вялікай колькасцю ўдзельнікаў: сходы, канферэнцыі, турзлёты і г.д. У райкаме камсамола я адпрацаваў чатыры насычаныя гады. Усе мы, хто там працаваў, гарэлі справай, імкнуліся разнастаіць жыццё камсамольцаў.
З часам моладзевы рух у раёне ўзначаліў райкам Беларускага патрыятычнага Саюза моладзі, цяпер — райкам БРСМ. І хачу адзначыць, што і сёння актыўнасць моладзевага руху адчувальная. Радуе, што захаваліся будатрады, юнакі і дзяўчаты актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці раёна і не толькі. Як і іх папярэднікі-камсамольцы, члены БРСМ актыўна ўдзельнічаюць у валанцёрстве, добраўпарадкаванні тэрыторый, разнастайных патрыятычных акцыях. З такім жа запалам — у турзлётах, іншых мерапрыемствах. Прыкладам з’яўляецца і нядаўна праведзены фестываль «Моладзь. Праца. Рамантыка», куды былі запрошаны таксама і колішнія камсамольцы. Пажылыя людзі і моладзь разам напявалі жыццясцвярджальныя камсамольскія песні: першыя на іх выраслі, другім яны адпавядаюць па духу.










































