На сустрэчу з дарослымі і юнымі сяльчанамі аграгарадка і навакольных вёсак прыехалі прадстаўнікі Бабруйскага гаррайаддзела па НС (пад эгідай ведамства прайшло мерапрыемства) на чале з начальнікам Андрэем Бабіным і іншых суб’ектаў прафілактыкі: Бабруйскага міжраённага аддзялення філіяла Дзяржэнергагазнагляда па Магілёўскай вобласці, ПУ “Бабруйскгаз”, Бабруйскага РАУС. А таксама начальнік і намеснік начальніка Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС Дзмітрый Голубеў і Дзмітрый Ісачанка.




Грамадзянам была даведзена актуальная інфармацыя па недапушчэнні пажараў. Асаблівая ўвага была засяроджана на тэме падрыхтоўкі печаў да ацяпляльнага сезону. Пра тое, якіх правілаў у гэтым пытанні варта строга прытрымлівацца і чаго, наадварот, рабіць катэгарычна нельга, ратавальнікі не толькі расказалі, але і прадэманстравалі пасродкам відэафільма і іншай нагляднасці. Шмат было сказана пра недапушчэнне курэння ў пасцелі, што часта прыводзіць да бяды. Пра электрабяспеку, строгае выкананне правілаў карыстання газам, вялікую ролю АПА ў папярэджанні пажараў. Пра ўвагу дарослых да ўласных дзяцей, іх заняткаў і клопатаў, недапушчэнне пакідаць іх без нагляду, што здольна папярэдзіць бяду, выкліканую дысгармоніяй у маленькага чалавека.
Работнікі Дзяржбелстраху давялі інфармацыю пра неабходнасць страхавання нерухомасці.


Падчас практычнага занятку вяскоўцам распавялі, як карыстацца вогнетушыльнікам, і далі магчымасць патушыць умоўнае ўзгаранне.
Прывёўшы несуцяшальную статыстыку з пажарамі на тэрыторыі Гарбацэвіцкага сельсавета (з пачатку бягучага года здарылася 14 пажараў, у той час як за тры папярэднія гады — 29), заакцэнтаваўшы ў каторы раз увагу на правільнай падрыхтоўцы пячнога ацяплення, Андрэй Бабін заклікаў прывесці яго ў парадак не толькі ў сваім жыллі, але і ў дамах састарэлых бацькоў.
— Менавіта ад вас саміх залежыць і вашае жыццё, і жыццё вашых родных. Памятайце пра гэта. У мэтах папярэджання бяды не дапускайце і своечасова выпраўляйце любую пагрозу, якая ўзнікае ў вашым доме, — заўважыў кіраўнік абласнога ўпраўлення МНС Дзмітрый Голубеў.











































