Пасля заканчэння бабруйскага каледжа імя Ларына, а затым педагагічнага ўніверсітэта імя А. Куляшова Вольга Арцёмчык прыняла рашэнне — сельскую мясцовасць не пакідаць. Стварыўшы ўласную сям’ю — муж Яўген з Бабруйска — маладыя людзі вырашылі абаснавацца ў в. Каменка, куды некаторы час да гэтага пераехала Вольгіна сям’я. Маладыя людзі добраўпарадкавалі матулін дом і ўжо тройчы сталі шчаслівымі бацькамі. Вольга працуе педагогам-арганізатарам і педагогам-дэфектолагам у Каменскай спецыяльнай школе-інтэрнаце.



Пра дзяцей, як і кожная маці, мая субяседніца гатова расказваць бясконца. 12-гадовы Данііл вельмі любіць дэкаратыўна-прыкладную творчасць. Дзякуючы педагогам Каменскай СШ і Цэнтра творчасці развіваецца ў гэтым накірунку. Бацькі ж не толькі падтрымліваюць — заахвочваюць хлопца да ўдзелу ва ўсемагчымых конкурсах, ствараюць умовы для гэтага. «Якім шчасцем было для Даніка атрымаць узнагароду па выніках удзелу ў рэспубліканскім конкурсе навагодніх цацак, які ладзіла піянерская арганізацыя. Узнагароду ўручылі ў Магілёве падчас святкавання юбілею аб’яднання, — расказвае маці. — Канцэпцыю цацкі абмяркоўвалі ўсёй сям’ёй, а ўвасабляў задумку сын і падыходзіў да гэтага з вялікім натхненнем і стараннем. Мы набылі яму інструмент для работы з дрэвам. Бацька даваў добрыя парады, бо ён сам выдатна валодае тэхнікай разьбы па дрэве. У выніку атрымалася і прыгожа, і арыгінальна».
Малодшы Усевалад сёлета стаў першакласнікам. Ён, па словах маці, таксама з творчым падыходам да ўсяго, любіць што-небудзь змайстраваць. З нядаўняга часу сыны займаюцца ў секцыі па боксе, бо спорт, як лічаць у сям’і, — гэта пра здароўе. Зрэшты, дзеля здароўя, загартавання дзяцей і цікавага сумеснага баўлення вольнага часу сям’я часцяком садзіцца на веласіпеды і вандруе па акрузе.
Не саступае братам у жаданні авалодаць паперай і алоўкам і паўтарагадовая песта — дачушка Аляксандра. І хоць найбольшае шчасце для дзяўчынкі пасядзець у матулі ці таты на руках, ад кампаніі братоў маленькая Сашка не адмаўляецца.
Нагатаваць на вялікую сям’ю для Вольгі не праблема, хоць густы і патрэбы ва ўсіх розныя. «Калі раней частай просьбай дзяцей было згатаваць піцу, то цяпер сыны лепей згаджаюцца на сур’ёзныя мясныя стравы. Мужнеюць», — усміхаецца жанчына і дадае, што той жа Данііл і сам здольны згатаваць нескладанае: адварыць макароны, пельмені, пасмажыць аладкі пасля таго, як маці замяшае цеста.
З запалам расказвае Вольга і пра ўдзел іх сям’і ў раённым свяце «Уладар вёскі» ў гэтым годзе. «Для ўсіх нас, асабліва дзяцей, гэта стала сапраўдным святам. У іх столькі было шчасця, што пабылі на вялікай сцэне, што ім апладзіравалі. У такім удзеле бачу выхаваўчае значэнне — дзецям хочацца стаць яшчэ лепей, адпавядаць статусу добрай сям’і. Калі выпадзе магчымасць, мы і зноў прымем
удзел у такім конкурсе, паспрабуем перамагчы», — з жартам і ўсур’ёз кажа Вольга Арцёмчык.
Як любая маці, мая субяседніца клапоціцца, каб сучаснае захапленне гаджэтамі не паўплывала негатыўна на дзяцей, не адарвала іх ад рэальнасці. Цяпер такой праблемы, як кажа, няма. Дзеці ведаюць, што пасядзець у тэлефоне яны могуць выключна дазволены час і толькі пасля выканання хатняга задання, удзелу ў гуртках, гульняў на вуліцы ці заняткаў творчасцю.

Любіць сям’я і наведацца да бабулі з дзядулем у суседнія Бярэзавічы. У хлопчыкаў там сябры, з якімі можна пагуляць у розныя гульні, пакатацца на веласіпедах, паназіраць за хатняй жывёлай на падворку, пакарміць яе, паслухаць бабуліны і дзедавы расповеды пра маладосць і цікавыя жыццёвыя выпадкі. А дарослым заўжды знойдзецца, у чым дапамагчы.
Мне як матулі вельмі хочацца, каб мы заўжды былі такімі дружнымі, каб дзецям было ўтульна ў сям’і і каб, дзе б яны ні былі, калі вырастуць і стануць дарослымі, іх вабіла цеплыня роднага кутка, — падзялілася запаветнай марай Вольга.
Ёсць у шматдзетнай сям’і і яшчэ адна мара — займець уласны дом, і таксама ў сельскай мясцовасці. Пакуль гэта толькі абмяркоўваюць. Але спадзяюцца — надыдзе час, калі яны змогуць сфатаграфавацца на ганку свайго ўтульнага сямейнага гнязда.










































