Свой шлях у прафесію Дарыяна Юр’еўна лічыць заканамерным. А на выбар спецыяльнасці паўплывала цікаўнасць да прыродазнаўчых навук.
— Я нарадзілася і вырасла ў Магілёве. Прыклад маці, настаўніка англійскай мовы, з дзяцінства паказваў мне, наколькі значная і цудоўная прафесія педагога. Скончыўшы Магілёўскую гімназію № 1, я паступіла ў МДУ імя А.А. Куляшова на спецыяльнасць «Біялогія і хімія». Колькі сябе памятаю, мяне заўжды вабіла фундаментальнасць прыродазнаўчых навук: яны адказваюць на самыя галоўныя і інтрыгуючыя пытанні пра светаўладкаванне і чалавечае жыццё, — кажа малады настаўнік.
Дарыяна Федасеева падзялілася, як выбудоўвае ўзаемаадносіны з дзецьмі і як імкнецца зацікавіць вучняў сваім прадметам.
— Лічу вельмі важным стварыць на ўроку атмасферу даверу. Імкнуся навучыць дзяцей бачыць цуды ў паўсядзённым. Мы не завучваем формулу, а назіраем, як яна працуе — у кубку чаю, у дыханні лісточка на святле... Калі вучань бачыць, што формулы і правілы працуюць у рэальным жыцці, у яго ўзнікае непадробная цікаўнасць. У такім выпадку атрымаць ад вучня шчырае «Праўда? Ого!» — найлепшая ўзнагарода, — дзеліцца педагог.



Ёсць адказ у маладога настаўнікаі і на пытанне, якім павінен быць сучасны педагог, каб яго слухалі і чулі? Найперш — шчырым. «Дзеці беспамылкова адчуваюць фальш. Каб настаўніка слухалі, ён павінен быць „жывым“, адкрытым да дыялогу. І ні ў якім разе не варта баяцца прызнацца дзецям, што і сам увесь час вучышся. Аўтарытэт будуецца не толькі на строгасці, а на павазе, глыбокім веданні свайго прадмета, на ўменні размаўляць з дзецьмі на адной мове, знаходзячы кропкі сутыкнення паміж складанымі законамі і паўсядзённым жыццём», — кажа педагог.
Сябе Дарыяна Федасеева называе чалавекам, які з галавой у навуцы, але пры гэтым — рамантык, творца, аматар памарыць. Найлепшы адпачынак для яе — чытанне пад ціхую музыку ці пад гукі дажджу за вакном. Галоўныя цікавасці — маляванне і пісьменніцтва. Гэтыя заняткі дапамагаюць бачыць і цаніць прыгажосць у дэталях, раскладваць думкі і пачуцці па палічках. Творчасць для яе — спосаб заставацца ў гармоніі з сабой і дзяліцца гэтай гармоніяй з усімі, хто побач. Яшчэ з часу навучання ў школе, па словах субяседніцы, яна працуе над адной цікавай гісторыяй і вельмі спадзяецца, што калі-небудзь праект будзе рэалізаваны.
Малады спецыяліст шчыра дзякуе калектыву Хімоўскай сярэдняй школы за падтрымку, дапамогу, за неацэнны прафесійны вопыт і віншуе ўсіх з Днём настаўніка.










































