Семінар арганізаваны камітэтам па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама. Удзел у ім прынялі начальнікі райсельгасхарчаў Бабруйскага, Глускага, Асіповіцкага, Кіраўскага і Клічаўскага раёнаў, намеснікі начальнікаў, якія курыруюць пытанні механізацыі, раслінаводства, эканомікі, галоўныя дзяржаўныя інспектары райсельгасхарчаў, старшыні прафсаюзных арганізацый АПК, спецыялісты, у чыёй кампетэнцыі пытанні аховы працы, кіраўнікі сельскагаспадарчых арганізацый.
— Мэта нашага мерапрыемства — навучанне падрыхтоўцы зернеўборачных камбайнаў і аўтамабіляў да ўборачнай кампаніі. Ад таго, наколькі якасна яны будуць настроены, залежыць якасць уборкі. Засяродзім увагу на асаблівасцях сёлетняга года. Усё гэта для таго, каб зменшыць страты зерня падчас жніва, — заўважыў загадчык сектара дзяржтэхнагляду камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама Алег Пад’ялоўскі.
Пасля дэталёвага разгляду пытанняў настройкі тэхнікі (пра гэта ў дэталях расказаў і на прыкладзе камбайна “Неўскага-Агра” паказаў намеснік начальніка Бабруйскага райсельгасхарча Дзмітрый Зотаў), спыніліся і на такіх значных, як забеспячэнне бяспечных умоў працы і ўмовы аплаты працы і матэрыяльнага стымулявання хлебаробаў. Прыкладам таго, як гэта арганізавана ў Бабруйскім раёне, падзяліліся старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Максім Ганжураў, галоўны спецыяліст вытворча-эканамічнага аддзела райсельгасхарча Алена Лаўрыновіч і інш.