Галоўны спецыяліст аддзела Валерыя Кушаварава і галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама, член Маладзёжнага савета пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Вольга Караткевіч абмеркавалі рэалізацыю дзяржаўнай моладзевай палітыкі ў раёне і не толькі.
У прыватнасці, Валерыя Кушаварава падрабязна спынілася на праведзенай у раёне рабоце з моладдзю за 6 месяцаў, засяродзіла ўвагу на найбольш дзейсных яе формах, падзялілася планамі на перспектыву. Сярод бліжэйшых — валейбольны турнір сярод працоўнай моладзі, які пройдзе на базе аздараўленчага лагера «Бабраня-2010» 16 ліпеня, у жніўні — раённы этап рэспубліканскага конкурсу маладых працаўнікоў арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў краіны «СуперПрофі-2025» (конкурсныя матэрыялы прымаюцца ў аддзеле ідэалагічнай работы і па справах моладзі), у верасні — конкурс відэаролікаў «Мы — адзіны!» да Дня народнага адзінства і г. д.
У цэлым, як заўважыла галоўны спецыяліст, работа з моладдзю аддзелам ідэалагічнай работы і па справах моладзі праводзіцца ва ўзаемадзеянні з іншымі аддзеламі і ўпраўленнямі райвыканкама, камісіяй па справах непаўналетніх, прафсаюзнымі і грамадскімі арганізацыямі, што дазваляе зрабіць яе больш насычанай і разнастайнай па форме і зместу.
Вольга Караткевіч распавяла пра дзейнасць Маладзёжнага савета пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу, яго мэтах і задачах (сярод асноўнага — дапамога Нацыянальнаму сходу ў распрацоўцы заканадаўчых актаў, якія закранаюць правы і інтарэсы моладзі, далучэнне яе да парламенцкай дзейнасці), аб праектах, якія рэалізаваны і рэалізуюцца, аб тым, як прайшло апошняе пасяджэнне з удзелам старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай.
Спікеры пацікавіліся апошнімі мерапрыемствамі з удзелам моладзі ў «Агракамбінаце Бабруйскі». Заклікалі быць актыўнымі, не баяцца праяўляць ініцыятыву, дзяліцца слушнымі прапановамі з Моладзевым саветам пры райсавеце дэпутатаў, рэалізаваць цікавыя праекты — рабіць сваё жыццё насычаным і камфортным.