Пад гучныя апладысменты згадалі гісторыю роднага куточка, знакамітых выхадцаў вёскі, ушанавалі аднасяльчан, якія загінулі, абараняючы родную зямлю ад нямецка-фашысцкіх акупантаў, падзякавалі ўсім, хто прымаў удзел у вызваленні Осаўскага краю і краіны ад ворага — сёлета 81 год як Беларусь жыве пад мірным небам. Шчодра, цёплымі словамі і падарункамі, прывіталі герояў цяперашняга дня: найстарэйшую жыхарку, наймаладзейшую шматдзетную маці, актывістаў грамадскага жыцця. Прадстаўнік ААТ “Агракамбінат Бабруйскі” адзначыла заслужаных работнікаў і ветэранаў працы гаспадаркі.











— Сёлета юбілейны, саракавы, год як я з’яўляюся старастай Осава, і ўчыненую традыцыю праводзіць дні вёскі лічу станоўчай: людзі сустракаюцца, прыгожа адпачываюць. Як мясцоваму жыхару, мне вельмі хочацца, каб наш населены пункт быў прыгожым і ўладкаваным, каб у пасёлку заставалася моладзь і сваёй працай яго развівала, — заўважыў стараста населенага пункта, зачыншчык і арганізатар шматлікіх станоўчых ініцыятыў Віктар Саўко, у чый адрас прагучала шмат цёплых слоў. Сам ён падзякаваў усім, хто дапамагае яму ў справе добраўпарадкавання.
Стваральнай працы, дабрабыту і міру жыхарам, развіцця — вёсцы пажадала старшыня Гарбацэвіцкага сельвыканкама Галіна Прыгара. Адзначыўшы, што любы прагрэс чыняць людзі, Галіна Ягораўна выказала спадзяванне, што Осава і надалей будзе багатым на такіх нераўнадушных да роднага куточка людзей, як Віктар Аляксандравіч.


Кіравацца божым пасылам ва ўсіх справах пажадаў осаўцам настаяцель мясцовай царквы айцец Сергій. Дзецям і маладым людзям ён парэкамендаваў прыслухоўвацца да бацькоў і дарослых, спазнаваць жыццё праз іх словы і ўчынкі, а не з інтэрнэту. Павіншаваў усіх з праваслаўным святам Пятра і Паўла.










Дружнымі апладысментамі сустракалі жыхары маленькіх і дарослых аднавяскоўцаў, якія дарылі ім свае цудоўныя творчыя нумары.
Гучала цудоўная музыка, працавалі гандлёвыя палаткі, выставы-продажы вырабаў дэкаратыўна прыкладнога мастацтва, дарослыя абменьваліся прывітаннямі, дзеці валтузіліся на батуце — Осава святкавала свой дзень.