Размову з працаўнікамі Сяргей Мікалаевіч пачаў з высокай ацэнкі, якую падчас наведвання даюць Беларусі замежныя дэлегацыі, у тым ліку высокаразвітых краін. Адзначаючы добраўпарадкаванасць дарог, чысціню гарадоў і аграгарадкоў, непаўторнасць прыроды, міралюбівую палітыку нашай дзяржавы, заклікаюць беларусаў берагчы сваю Радзіму як найкаштоўнейшы скарб.
— Гэта ў асаблівасці датычыцца моладзі — прадаўжальнікаў нашых традыцый і нашай гісторыі. І сёння ў краіне створаны ўсе ўмовы для камфортнага жыцця і рэалізацыі маладых людзей. Дзяржавай падтрымліваюцца ўсе станоўчыя ініцыятывы, ствараюцца ўмовы для навучання, жыцця, працы, кар’ернага росту і адпачынку. Напэўна, не ўсё яшчэ ідэальна, але дзяржава нацэлена на дасягненне гэтага. І глыбока памыляецца той, хто лічыць, што “недзе” лепей — найбольш утульна чалавеку на сваёй зямлі, сярод суайчыннікаў, — адзначыў Сяргей Хаменка і заклікаў юнакоў і дзяўчат плённай працай садзейнічаць развіццю Радзімы.
Намеснік Старшыні Савета Рэспублікі падзякаваў сяльчанам за вялікі ўнёсак у дабрабыт краіны. Заўважыў, што ў тым ліку іх рукамі ствараецца брэнд Беларусі — якасная харчовая прадукцыя, якую ведаюць і любяць ва ўсім свеце.
Прадуктыўнай для абодвух бакоў сустрэчы стала і частка размовы аб жыцці ў аграгарадку, хвалюючых пытаннях. Сяльчане высока ацанілі работу аб’ектаў гандлю, ФАПа, школы, дзіцячага садка. Але ж знайшліся і праблемы: жыхары паловы аграгарадка вымушаны спажываць няякасную ваду; тэрыторыя пустуючых катэджаў па вул. Кааператыўнай, у якіх маюцца ўласнікі, не добраўпарадкоўваецца; на базе “раённай” паліклінікі не аказваецца паслуга па зубапратэзаванні, ёсць пытанні да капітальнага рамонту жылых дамоў, аплаты транспартных выдаткаў работнікам сельгаспрадпрыемства. Дырэктар ААТ “Агракамбінат Бабруйскі” Міхаіл Барадзін выказаў занепакоенасць адсутнасцю на Бабруйшчыне ўстановы, дзе б навучалі прафесіі трактарыста, што садзейнічае, як ён лічыць, адтоку кадраў з мясцовасці, і ўнёс прапанову арганізаваць такое навучанне на базе існуючага каледжа.
Пытанні работнікаў сельгаспрадпрыемства Сяргей Хаменка прыняў да ўвагі. Ён таксама пазнаёміўся з работай Гарбацэвіцкага сельвыканкама і мясцовага ФАПа.







