— Усяго для патрэб нашай жывёлагадоўлі запланавалі нарыхтаваць 16 000 тон сенажу. З траў першага ўкосу ўвесь гэты аб’ём, вядома ж, не возьмем, але тысяч пад 12-ць , упэўнены, пакладзем, — падзяліўся бліжэйшымі планамі галоўны аграном ААТ “Міхалёўская Ніва” Сяргей Мартынчык.
На сёння ў гаспадарцы нарыхтавана звыш 7 000 тон сенажу ці 43% ад патрэбы. Сена маецца 40 тон з плану ў 1689 тон, да яго нарыхтоўкі толькі прыступілі.
Людзі на працу, як заўжды, настроены станоўча. На полі паблізу в. Цярэшкавічы ўчора рупіліся цэлым механізаваным атрадам. Шпарка бегала па сенажаці касілка КМР-9 пад кіраваннем аса гэтай справы Міхаіла Лаўрыновіча. Кормаўборачнымі комплексамі КВК-800 запраўлялі вопытныя механізатары Мікалай Канавалаў і Мікалай Андруховіч. Перавозку правяленай масы да траншэі на малочна-таварную ферму Хімы ажыццяўлялі вадзіцелі МАЗаў Леанід Шкрадзюк і Сяргей Шырокі, а таксама Канстанцін Манько на трактары МТЗ-3522 з прычэпам ПМФ-20 ды іншыя трактарысты-перавозчыкі. Для зручнасці і бесперабойнасці работ на ўзбочыне поля напагатове стаяла паліўна-заправачная машына з вадзіцелем Уладзімірам Манько.
Аўторак для корманарыхтоўкі выдаўся спрыяльным. У гаспадарцы спадзяюцца, што такой жа плённай будзе і серада.








