У даяркі Марыя Ніфонцьеўна пайшла адразу пасля заканчэння 10-ці класаў мясцовай школы. Застала і цалкам ручную працу ў гэтай прафесіі. Падаіць двойчы ўдзень 14 кароў — трэба было мець сілу і настойлівасць. А яшчэ патрабавалася накарміць жывёлу, пачысціць, надоенае малако самой панасіць да месца збору. Пазней з’явіліся дойныя апараты, але і кароў у Марыі Ніфонцьеўны пабольшала ўдвая. Калі сыходзіла на заслужаны адчычынак, на яе абслугоўванні было ўжо паўсотні рагуль.
— Прыходзілася ой як нялёгка, але я сваю работу вельмі любіла. А калі занятак падабаецца, то і цяжкасці такімі не здаюцца, — кажа юбілярка. — Кароўку кожную ведала па мянушцы, і яны на мяне здалёк адгукваліся — падганяць не трэба было, самі ішлі да свайго месца.
У дэталях згадвае Марыя Ніфонцьеўна і час свайго дэпутацтва ў Вярхоўным Савеце, які прыйшоўся на пачатак 70-х гадоў цяпер ужо мінулага стагоддзя і куды яе абралі за высокія працоўныя вынікі. “Гэта было для мяне вельмі ганаровым. Людзей на сесіі — поўная зала! Адзежу спецыяльна для паездкі ў сталіцу не набывала, ездзіла ў тым, што было. Дабіралася на цягніку — за квіток дэпутаты не плацілі. Камандзіровачных давалі 7 з паловай рублёў на суткі, за іх харчаваліся — у сталоўцы, а часцей у нумары гатэля “Мінск”, куды нас сялілі, прадукты набывалі ў краме. Гуляць па сталіцы асабліва не хадзілі, перакусім — і спаць. Хацелася выспацца, бо на работу ўставаць даводзілася вельмі рана.
…Цяпер, як кажа Марыя Ніфонцьеўна, ёй жывецца “дзякуй богу”. Хоць перамяшчаецца з дапамогай палачак, але мае светлую галаву, жыве ў сваёй прасторнай хаце, пад доглядам роднага чалавека. З пяцёра дзяцей, якіх Марыя Ніфонцьеўна выгадавала, засталіся дзве дачкі. Пра сваю вялікую страту — трое сыноў — жанчына не можа згадваць без слёз.
Падзякаваць за шматгадовую і добрасумленную працу на карысць раёна і краіны, павіншаваць з юбілейным днём народзінаў у дом да Марыі Ніфонцьеўны з кветкамі і падарункамі сёння наведаліся прадстаўнікі раённага Савета ветэранаў, старшыня і члены Хімоўскай ветэранскай пярвічкі, а таксама суседзі імянніцы. Віншаванні ва ўсіх былі адны — здароўя і цеплыні родных.




