Як паведамілі ў аддзеле па адукацыі Бабруйскага райвыканкама, у мэтах якаснага правядзення летняй аздараўленчай кампаніі, эфектыўнай арганізацыі вольнага часу і працоўнай занятасці раённых дзяцей улетку ў раёне распрацавана праграма “Лета-2025”, якая прадугледжвае разнастайныя формы арганізацыі вольнага часу і меры па прафілактыцы дзіцячага траўматызму і гібелі непаўналетніх падчас канікул.
Згодна з дадзенай праграмай, у летні перыяд на тэрыторыі раёна будзе функцыяваць 12 выхаваўча-аздараўленчых лагераў з дзённым знаходжаннем, дзе змогуць адпачыць 320 навучэнцаў. Таксама будуць дзейнічаць 4 лагеры працы і адпачынку — у агульным на 40 чалавек. У прыватнасці, вучні Цялушскай сярэдняй школы будуць заняты на пасяўных плошчах філіяла “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік-АграСэрвіс”, Гарбацэвіцкай СШ — на палях ААТ “Агракамбінат Бабруйскі”, Брожскай і Глушанскай сярэдніх школ — у лясніцтве Бабруйскага лясгаса.
Акрамя таго будуць функцыянаваць два палатачных перасоўных лагеры. Арганізаваць іх збіраюцца Цэнтр творчасці раёна і Варатынская сярэдняя школа. Дадзены від адпачынку абралі для сябе 20 школьнікаў.
Каторы год запар раённых вучняў чакае ваенна-патрыятычны лагер “Радзіма” на базе вайсковай часці 20392, дзе змогуць адпачыць і фізічна загартавацца 25 непаўналетніх.
Традыцыйна прыме вучняў аздараўленчы лагер “Бабраня-2010”. Сёлета там плануюцца чатыры змены па 120 чалавек у кожную.
І, вядома ж, для непаўналетніх арганізавана магчымасць працоўнай занятасці. Часовай працоўнай занятасцю будзе ахоплена 70 дзяцей — на базе 9 устаноў адукацыі, 60 юнакоў і дзяўчат выказалі жаданне стаць байцамі шасці студэнцкіх атрадаў.
У перыяд летніх канікул у раёне, як заўжды, будзе арганізавана работа валанцёрскіх, працоўных і рознапрофільных атрадаў, дзіцячых аб’яднанняў па інтарэсах, будуць працаваць гульнёвыя пляцоўкі, школьныя стадыёны, марафон “Баўлю час з карысцю!”.