Працаваць на зямлі, дзе вырас, як ён лічыць, не толькі прасцей: ведаеш мясцовасць, хутчэй наладжваюцца неабходныя ў рабоце стасункі, але і маральна ўтульней. Усведамленне таго, што садзейнічаеш развіццю свайго куточка, зямлі сваіх дзядоў, паляпшаеш дабрабыт землякоў — грэе душу, дае сілы ў няпростых сітуацыях.
Нарадзіўся Станіслаў Мечыслававіч у в. Даманова ў сям’і калгаснікаў. З дзіцячых гадоў дапамагаў бацькам па гаспадарцы, якую на той час трымала кожная вясковая сям’я. Ужо ў падлеткавым узросце спрабаваў зарабіць грошай самастойна. Улетку, да прыкладу, на калгаснай сенажаці падцягваў на кані копны сена да стажка. Пазней была іншая работа ў калгасе. З-за таго што сельская гаспадарка была добра знаёмай і зразумелай, вырашыў і прафесію набыць менавіта ў гэтай галіне. Скончыўшы Краснабярэжскі сельгастэхнікум, дзе вучыліся многія яго сябры, стаў аграномам.
Размеркаванне малады спецыяліст атрымаў у адну з гаспадарак Мазырскага раёна. Праўда, папрацаваў там няшмат: прыйшоў час мабілізацыі. Аддаць даніну Радзіме сярод хлопцаў было надзвычай ганаровым, таму ў армію пайшоў не задумваючыся і два гады адслужыў у Прыбалтыйскай ваеннай акрузе.
У 70-я гады мінулага стагоддзя ў Бабруйску быў пабудаваны гігант прамысловасці — шынны камбінат, і многія з маладых, хто працаваў у сельскай гаспадарцы, пайшлі на завод, дзе прапанавалі большы заробак. Але Станіслаў Мечыслававіч гэтаму не паддаўся — вырашыў развівацца ў набытай прафесіі. Пра высокую пасаду адразу нават не думаў — ведаў, што спатчатку трэба набрацца вопыту, дасягнуць працоўных поспехаў.
Так сталася, што родныя са Светлагорскага раёна паклікалі пераехаць да іх — у адну з сельгасарганізацый. Там яго прызначылі брыгадзірам паляводчай брыгады. Абавязкі былі, як цяпер можа падацца, і не надта сур’ёзныя — хадзіць па хатах і “замаўляць” жыхароў на працу. Але ж патрабаваліся ўменне работы з людзьмі, своеасаблівы падыход да кожнага. У пачынаючага брыгадзіра гэта атрымоўвалася — людзі да маладога чалавека ставіліся з павагай.
Пасля жаніцьбы і нараджэння дачкі перад маладой сям’ёй паўстала пытанне ўласнага жылля. Тады і вырашылі з жонкай Ларысай вярнуцца на малую радзіму — на Бабруйшчыну.
Ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі райвыканкама Станіславу Асіповічу прапанавалі пасаду брыгадзіра — толькі цяпер ужо комплекснай брыгады — у калгасе імя 22 з’езда. Адпрацаваў у ёй 8 год. “Не стамляўся праяўляць сваю ініцыятыву, тым болей што ў мяне быў выдатны настаўнік — галоўны аграном Васіль Серафімавіч Архіпенка. Жаданне працаваць было вялікае, сталі дасягаць высокіх вынікаў. Разам з тым адчуваў прызнанне людзей: мясцовыя жыхары ішлі да мяне як брыгадзіра не толькі з працоўнымі пытаннямі, але і ўласнымі, сямейнымі. Кожнаму імкнуўся дапамагчы”, — згадвае той час субяседнік.
У 1978 годзе, пасля 11 год работы ў сельскай гаспадарцы, Станіслаў Мечыслававіч вырашыў павысіць адукацыю: паступіў у сельскагаспадарчую акадэмію. У тым жа годзе стаў членам камуністычнай партыі, якой давяраў і дзейнасцю якой ганарыцца і цяпер. Па выніках года яго брыгада заняла 1-е месца ў раённым спаборніцтве, а імя брыгадзіра было занесена на Дошку гонару. На 4 курсе завочнага навучання герою аповеда прапанавалі пасаду намесніка старшыні калгаса імя Фрунзе ў Стасеўцы. Не пагадзіцца, як ён прызнаецца, не мог: гэта было побач з яго роднай вёскай. Там жа быў абраны і сакратаром партыйнай арганізацыі.
— Старшынёй калгаса на той момант быў Сяргей Іванавіч Феднеў. Пазней стаў Андрэй Рыгоравіч Стэльмак. Разам з імі мы стараліся арганізаваць працу так, каб работа калектыва прыносіла станоўчыя вынікі. Не маючы добрых зямель, гаспадарка дасягала неблагіх ураджаеў, і наш калгас забіраў па выніках працоўнага спаборніцтва шмат знамёнаў, — з гордасцю кажа субяседнік.
Пазней Станіславу Асіповічу як чалавеку ўжо з кіруючым вопытам прапанавалі заняць пасаду вызваленага старшыні парткама калгаса імя А. Неўскага. Землі там, з яго слоў, былі надзвычай урадлівыя, а кіраўнік арганізацыі Павел Пятровіч Лапухін — карыфеем сельскагаспадарчай справы. Таму ў калгасе заўжды было шмат перадавікоў: механізатараў, даярак, цялятніц, і не толькі раённага маштабу.
А ў 1988 годзе Станіслаў Мечыслававіч узначаліў саўгас “Бабруйскі”. Працы, як кажа, значна прыбавілася. Тым болей што гаспадарка займалася насенневодствам, падначальвалася Мінску і Маскве. Разводзілі насенне таматаў, кармавых буракоў, іншай гародніны. Адной толькі расады памідораў трэба было высадзіць на плошчы ў 30 гектараў, сабраць ураджай, арганізаваць транспарціроўку… Людзі, па словах субяседніка, працавалі не пакладаючы рук, але і заробак мелі добры. Яго задачай было арганізаваць работу так, каб калектыў функцыяваў, як адзіны механізм.
У такім рэжыме Станіслаў Мечыслававіч адпрацаваў 10 год. Затым была работа ва ўпраўленні райсельгасхарчу, дзе займаў пасаду намесніка начальніка. Паспрабаваў сябе і ў лясной гаспадарцы — 2 гады быў майстрам Мірадзінскага лясніцтва. А затым саўгас “Бабруйскі” ўзначаліў у другі раз і яшчэ тры гады быў яго кіраўніком.
— У агульным кіраваў “Бабруйскім” 13 год. І цяпер ніколькі не шкадую, што ў свой час звязаў жыццё з аграпрамысловым комплексам. Шчаслівы тым, што жыву і дасягаў поспехаў на роднай Бабруйшчыне, што згадзіўся там, дзе нарадзіўся, — сказаў у падвядзенне размовы Станіслаў Асіповіч.
А яшчэ герой аповеду заўважыў, што і цяпер вядзе актыўны лад жыцця, з’яўляецца членам раённай ветэранскай арганізацыі. Дзякуючы нястомнаму кіраўніку райсавета ветэранаў Яўгеніі Доўнар пабыў у шматлікіх цікавых паездках па краіне.
Моладзі колішні кіраўнік жадае мець трывалыя жыццёвыя арыенціры, не пасаваць перад цяжкасцямі — вучыцца іх пераадольваць. Не адмахвацца ад падказак вопытных калег. Не стамляцца вучыцца прафесіяналізму. Ставіць высокія задачы і іх дасягаць. А яшчэ — не шукаць шчасця далёка, знаходзіць сабе прымяненне на зямлі, дзе вырас — гэта дае адчуванне гармоніі жыцця.