Паслухаць слушную інфармацыю пра тое, як выхоўваць дзяцей у ключы фізічнага і маральнага здароўя, як засцерагчы іх ад любых праяў шкоднага ўздзеяння, сабраліся законныя прадстаўнікі непаўналетніх, прызнаных у сацыяльна-небяспечным становішчы, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, бацькі, якія ўваходзяць у склад бацькоўскага актыву ўстаноў адукацыі, намеснікі дырэктара па выхаваўчай рабоце, педагогі, сацыяльныя педагогі.
У якасці спікераў выступілі прадстаўнікі службаў прафілактыкі: галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Вольга Палевіч, кіраўнік аддзела ўзаемадзеяння з установамі аховы здароўя Бабруйскай епархіі пратаіерэй Іаан Каляда, псіхолаг Бабруйскай гарадской паліклінікі №2 Алена Ганчарова, валеолаг гэтай жа ўстановы Ларыса Колесава, інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Алег Дзешкавец, першы намеснік начальніка гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Павел Шарснёў і дырэктар Бабруйскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Вольга Сокарава.
Прадстаўнікі службаў прафілактыкі, кожны са свайго боку, на прыкладах з жыцця распавялі, чым можа абярнуцца бацькоўскае раўнадушша ў падыходзе да выхавання дзіцяці і чаму галоўная адказнасць за бяспеку дзяцей ляжыць на дарослых.
Важным выхаваўчым момантам стаў прагляд кінастужкі “Матуліна пісьмо”, якая закранае актуальную тэму абароны жыцця дзіцяці да яго нараджэння. У яго абмеркаванне зала актыўна ўключылася.








