У гэткай атмасферы — клопату і любові падрастаюць шасцёра маленькіх членаў сям’і Наталлі і Віталя Каваленкаў з в. Каменка Слабодкаўскага сельсавета.
Наведаўшы шматдзетную сям’ю напярэдадні свята, у трохпакаёвай кватэры, куды Каваленкі нядаўна засяліліся, засталі не толькі бацькоў і дзяцей, але і бабуль Вольгу і Сняжану, прабабулю Наталлю.
— Наведваю нашчадкаў часцяком, — кажа найстарэйшая з жанчын, гойдаючы на руках наймалодшага з дзяцей. — Тым болей што побач жывуць. Дзеці і самі літаральна штовечара да мяне забягаюць, любуюцца кветкамі.

Віялета, Ангеліна, Дзіяна, Алеся, Стася — пералічвае галава сям’і Віталь свой багаты скарб у выглядзе дачушак узростам ад дванаццаці да двух год ды беражліва прымае з жончыных рук двухмесячнага Жэньку. Ён жа расказаў, як і дзе пазнаёміўся з Наталляй. Аказалася, хлопец з Каменкі сустрэў другую палавінку, якая родам з Цялушы, на танцах у Туголіцы. “Так што часовае закрыццё на рамонтныя работы мясцовага клуба абярнулася стварэннем новай ячэйкі грамадства”, — смеючыся, кажа ён.
Пагушкацца з сынам, удзяліць досыць увагі дачушкам, як прызнаецца Віталь, яму ўдаецца нячаста: трэба зарабляць грошы. Працуючы ў будаўнічай кампаніі “Рад”, ён, між тым, знаходзіць час, каб дапамагчы сваякам і суседзям з апрацоўкай агародаў мотаблокам, бярэцца за любую падпрацоўку.
Асноўны клопат пра дзяцей ляжыць, вядома ж, на Наталлі. Адправіць у школу і дзіцячы садок старэйшых, выгуляць Стасю і Жэньку, нагатаваць на ўсю сям’ю ежы, прыбрацца, прасачыць, каб дзяўчынкі не спазніліся на пазашкольныя заняткі, падрыхтаваць іх да канцэртаў (Віялета і Ангеліна наведваюць музычную школу, удзельнічаюць у справаздачных канцэртах і конкурсах, прычым, не толькі раённага маштабу, становяцца іх пераможцамі, пра што сведчаць шматлікія ўзнагароды ў сямейным архіве) — усё гэта ў штодзённым распарадку дня шматдзетнай маці. І Наталля на гэта не наракае. “Дзеці — мая радасць і шчасце. Здараецца, стамлюся, а падбягуць дачушкі, палашчацца, абдымуць, стануць наперабой расказваць пра свае маленькія клопаты, турботы, дасягненні — і стомы як не было. Ад дзяцей ідзе магутны станоўчы пасыл. Яны бадзёраць”, — разважае матуля. А родныя захапляюцца Наталляй, тым, якая яна добрая гаспадыня і якія ў яе дагледжаныя дзеці.
Шматдзетная сям’я для Наталлі — не надзвычайнасць.
Сама яна вырасла ва ўмовах, калі тыя ж цукеркі даводзілася дзяліць на чацвярых. Дзеці, здаралася, валтузіліся паміж сабой, але ж і сябравалі, падтрымлівалі і дапамагалі адзін аднаму. Гэткім узаемаадносінам Наталля цяпер вучыць сваіх дачушак. Старэйшых ужо лічыць за памочнікаў — з раніцы яны адводзяць у дзіцячы садок малодшых.
— Усе дзяўчаткі добра спяваюць, голас ім перадаўся ў спадчыну, — з гонарам расказвае пра праўнучак знакамітая ў раёне спявачка, у колішнім загадчыца мясцовага клуба, а цяпер актыўная ўдзельніца раённай ветэранскай арганізацыі і вялікая прыхільніца кветкаводства Наталля Амос.
— Яшчэ яны ў нас танцуюць, — дадае Наталліна маці Вольга і пяшчотна прыгортвае да сябе не па гадах сур’ёзную і разважлівую Алеську.
Маці Віталя і работнік дзіцячага садка, у якім выхоўваюцца дашкаляты, Сняжана не стамляецца частаваць унучак уласна прыгатаванай выпечкай. Без яе торцікаў не абыходзіцца ніводнае свята вялікай сям’і. “Асабліва дзеці любяць медавік”, — кажа жанчына і кладзе кожнаму па ўвішнаму куску.
Кватэра, якую Каваленкі набылі за сродкі сямейнага капіталу, хоць і не цалкам, але вырашыла іх патрэбу ва ўласным жыллі — да гэтага сям’я жыла ў доме мужавай маці.
Таму ў гэтыя дні да звыклых спраў Каваленкаў дадаліся новыя, звязаныя з абсталяваннем новага жытла. Спіс неабходнага складзены немалы, але і набылі ўжо шмат: мэблевы гарнітур у прыхожую, канапу ў гасцёўню, сталы.
Ва ўласным жыллі і мары больш квяцістыя. У Наталлі і Віталя яны звязаны выключна з дзецьмі. Выгадаваць дачушак і сына сапраўднымі людзьмі, стварыць умовы, каб сям’я і месца, дзе растуць дзеці, былі для іх утульнымі і прыцягальнымі. Для бабуль жа галоўнае — каб усе ў іх вялікай сям’і былі здаровымі і каб на зямлі панаваў мір.









Алена КАРПЕНКА. Фота Віктара ШЭЙКІНА.