Удзел у прафарыентацыйным мерапрыемстве прынялі начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Алеся Стэльмак, начальнік аддзела сацыяльна-працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацабароне Анастасія Сухадольская, начальнік арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Вольга Худакова, адказныя работнікі райвыканкама, вучні і педагогі школ раёна, а таксама прадстаўнікі вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў Беларусі аграрнага накірунку, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Адкрываючы “Кірмаш прафесій”, Алеся Стэльмак заклікала выпускнікоў школ з усведамленнем аднесціся да выбару будучай прафесіі і пачутай інфармацыі: для некаторых яна можа стаць вырашальнай. Нацэліла юнакоў і дзяўчат сур’ёзна паставіцца да падрыхтоўкі да іспытаў, каб стварыць для сябе больш шырокі дыяпазон выбару навучальнай установы і факультэта. Запэўніла, што кожнага з цяперашніх школьнікаў з радасцю сустрэнуць у раённых сельскагаспадарчых і іншых арганізацыях пасля набыцця імі адпаведных прафесій.
У пацверджанне таго, што чалавек, дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся, перад выпускнікамі выступіў колішні дырэктар саўгаса”Бабруйскі” (цяпер ААТ “Агракамбінат Бабруйскі”) Станіслаў Асіповіч. Ён расказаў, як, добрасумленна працуючы, змог дасягнуць кар’ернага росту ў прафесіі — прайшоў шлях ад брыгадзіра паляводчай брыгады да кіраўніка перадавога сельгаспрадпрыемства.
Начальнік аддзела занятасці і сацыяльна-працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Анастасія Сухадольская распавяла пра летнюю занятасць школьнікаў — магчымасць для юнакоў і дзяўчат, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту, зарабіць грошай — на летні перыяд уладкавацца на работу ў раённыя арганізацыі.
Пра спецыяльнасці, якія можна набыць у навучальных установах, умовы паступлення і бонусы падчас навучання распавялі прадстаўнікі Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, Беларускага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта, Клічаўскага і Жыліцкага аграрна-тэхнічных каледжаў, Бабруйскага аграрна-эканамічнага каледжа.
Падчас “Маладзёжнага кірмашу вакансій” выпускнікі школ сустрэліся з наймальнікамі — прадстаўнікамі раённых сельгасарганізацый СВК “Гігант”, ААТ “Неўскі-Агра”, ААТ “Міхалёўская Ніва”, ААТ “Саўгас Кісялевічы”, філіял “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік-АграСэрвіс”, філіял “Варатынь” ААТ “БЗТДіА”, ААТ “Агракамбінат Бабруйскі”, ЗАТ “Птушкафабрыка Вішнёўка”, УКП “Жылкамгас” і іншых. Прадстаўнікі Бабруйскага гаррайаддзела па НС заахвочвалі школьнікаў да навучання ва ўстановах МНС, а таксама да работы ў якасці вадзіцеляў. Ад першага сакратара РК ГА “БРСМ” моладзь даведалася, якія студатрады будуць функцыянаваць на тэрыторыі раёна сёлета і як стаць іх байцамі.
Пацверджаннем таго, што навучанне ва ўстановах аграпрамысловага і іншых накірункаў — не толькі сур’ёзная прафесійная падрыхтоўка, але і магчымасці для рэалізацыі творчых і спартыўных здольнасцяў, стала цікавая канцэртная праграма ад навучэнцаў аграрна-эканамічнага каледжа.



































