— Працоўны дзень у нас напружаны, — падзяліўся начальнік агранамічнай службы Аляксандр Парахневіч. — Рэзка прыйшло цяпло, вільгаць імкліва сыходзіць, а значыць, трэба рупіцца. Плюс да гэтага вядзем сяўбу кукурузы, не за гарамі корманарыхтоўка ды іншыя неадкладныя работы.
Стаўку ў гаспадарцы робяць на рэпрадукцыю. Па словах начальніка агранамічнай службы, чым вышэйшая яна будзе, тым багацейшы можна атрымаць ураджай клубняў.
Гатункі для пасадкі выкарыстоўваюць разнастайныя — пасадзілі “Брыз” другой рэпрадукцыі, наперадзе — “Лель” (эліта і супер эліта), “Брыз” (супер-супер эліта), Скарб (эліта), намераны прыдбаць “Каралеву Ганну” і “Рэд Ледзі”. Да пасадкі папярэдне добра падрыхтаваліся — выканалі ўсе тэхналагічныя патрабаванні да падрыхтоўкі глебы. У якасці засцярогі ад шкоднікаў і хвароб насенне ў баразну кладуць абавязкова пратручаным. Словам, прадпрымаюць усемагчымыя захады, каб стратэгічная для сельгаспрадпрыемства і краіны расліна ўрадзіла, і беларусы, як заўжды, былі забяспечаны другім хлебам пад поўную патрэбу.
Дзеля дасягнення высакароднай справы ў “Гіганце” не забываюць пра людзей — стварылі для іх якасныя ўмовы працы. Усе занятыя на палявых работах забяспечаны двухразовым гарачым харчаваннем, у спякоту яшчэ і мінеральнай вадой. Да тэхнікі бяспекі тут таксама высокія патрабаванні — з работы людзі павінны вярнуцца здаровымі.








