Свой соты день нараджэння сяльчанка сустрэла ў добрым настроі. Побач — клапатлівыя дачка Ларыса і любімая ўнучка Аксана, а на двары — цёпла і сонечна. Вось толькі, на жаль, з некаторых пор Варвара Юр’еўна практычна нічога не бачыць і на двор ужо не выходзіць. Аб тым, што адбываецца ў яе роднай весцы і за яе межамі, даведваецца ад блізкіх і ад самага лепшага сацыяльнага работніка Любові Крычко, якая апошнія гады таксама абслугоўвае і яе дачку.
Нягледзячы на праблемы са здароўем і выпрабаванні, што выпалі на яе долю, жанчына стараецца па магчымасці не сумаваць. Успамінае, як у 16-гадовым узросце яе з двума сяброўкамі немцы везлі ў Германію, як цудам ім у Баранавічах удалося збегчы, а пасля вайны вярнуцца на малую радзіму. За ўсё жыццё Варвара Чыпуліс усяго раз выязджала з роднай Цялушы. У расійскую Томскую вобласць — з Мікалаем, бацькам яе дзяцей. Прабыла там год, а пасля вярнулася дамоў адна.
Адна гадавала Ларысу і Ваню. Працавала ў калгасе імя Мічурына паляводам, скотнікам па адкорму буйной рагатай жывёлы. У 1980-м годзе калектыў гаспадаркі праводзіў адказную, добрасумленную працаўніцу на заслужаны адпачынак. Але яшчэ да 80-гадовага ўзросту Варвара Юр’еўна працавала вартаўніком, трымала хатнюю гаспадарку. Восем год назад яна страціла сына…
— У такім паважаным узросце, да якога мала каму выдаецца дайсці, вы паказваеце ўсім нам прыклад мудрасці, жыццёвай стойкасці, сілы духу, — адзначыла Наталля Пясоцкая.
Развітваючыся, госці пажадалі юбілярцы здароўя, дабрабыту, удзячнасці ад дзяцей, унукаў, праўнукаў і мірнага неба над галавой. Ларыса Мікалаеўна падзякавала прысутных за цёплыя словы, кветкі, памятныя падарункі і выказала меркаванне аб тым, што, бадай, няма іншай краіны, як Беларусь, дзе з такім клопатам і павагай адносяцца да пажылых людзей.


