— На маёй практыцы гэта, напэўна, дзясятая па ліку пасяўная, так што работа знаёмая ў дэталях, — кажа Руслан Генадзьевіч. — Настрой на працу, як заўжды увесну, выдатны, тым болей што надвор’е радуе лагодаю і сонцам.

Па словах галоўнага агранома ААТ Сяргея Гаўрыленкі, да ворыўных работ у гаспадарцы прыступілі яшчэ ў панядзелак — поле рыхтуецца пад сяўбу кукурузы. Да гэтага яго ўздобілі хлорыстым каліем і арганікай. Усяго ж ворыўныя работы ў агракамбінаце збіраюцца правесці на плошчы ў 2 000 гектараў, яшчэ 3 000 га падрыхтавалі з восені — паднялі зябліва.
У гэтыя дні ў сельгасарганізацыі ўжо займаюцца і падсейваннем мнагалетняй травы на пашы, план якой на сёлета 400 га, з іх каля 65 га ўжо падсеяна. Актыўна працуюць з арганікай — на палі вывезена каля 45 000 тон угнаенняў, у тым ліку 8 000 тон унесена ў глебу.