Russian Belarusian Chinese (Simplified) English French German

logo

Адрес: 213809 г. Бобруйск, ул. Пушкина, 215а

Телефон приемной: 8 (0225) 74-99-41

E-mail: Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00

Вторник, 04 Февраль 2025 15:33

Анастасія Усава: “Праца ў сельскай гаспадарцы цікавая і шматгранная”

Так лічыць мая субяседніца — інжынер па ахове працы і тэхніцы бяспекі ААТ “Міхалёўская Ніва” Анастасія Усава. І мае рацыю: выпускніца Бабруйскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа з дыпломам спецыяліста па праграмным забеспячэнні інфармацыйных тэхналогій паспрабавала сябе не ў адной аграрнай прафесіі. І ў кожнай — тэарэтычна і практычна абагацілася, прычым, настолькі, каб не проста адчуваць сябе на сваім месцы, але ў 27-гадовым узросце быць залічанай у склад рэзерву кадраў на адну з кіруючых пасад сельгаспрадпрыемства.

Аграрны досвед бабруйчанкі Насці пачаўся ў СВК “Гігант”, куды яна — навучэнка каледжа, папрасілася, каб прайсці вытворчую практыку. У “Гіганце” на той час вялося будаўніцтва гасцёўні, і амбіцыйная практыкантка прапанавала распраца­ваць праграмнае забеспячэнне для аб’екта. Гэтую тэму абрала сабе і ў якасці дыпломнай работы, якую паспяхова абараніла. А пасля заканчэння каледжа ў “Гігант” прыехала ўжо маладым спецыялістам. Там жа засталася працаваць і пасля заканчэння гэтага статусу.

У ААТ “БНБК-Агра. Баб­руйск”, куды Анастасія прыйшла адразу пасля стварэння акцыянернага таварыства, сельскагаспадарчы вопыт працягнуўся.

— Працаваць у новым калектыве было для мяне асалодай, — кажа субяседніца. — Камандны дух панаваў у поўным сэнсе гэтага слова. Калегі былі не проста прафесіяналамі кожны ў сваёй галіне, але “гарэлі” работай. Яны і мяне на гэта натхнілі, дапамагалі ва ўсім. У выніку стала абрастаць ведамі і ў агранаміі, і ў жывёлагадоўлі. Увогуле, вынесла адтуль агромністы кейс ведаў, а галоўнае — навучылася ўзаема­дзейнічаць з людзьмі розных прафесій і характараў, знаходзіць да кожнага падыход, грунтоўна ставіцца да вырашэння пытанняў. І цяпер, бываючы на фермах, абавязкова звяртаю ўвагу на кармавы стол, на прысут­насць усяго неабходнага на ім, на іншыя дэталі вытворчасці.

Праўда, для засваення ведаў, па словах Анастасіі, трэба каб была як мінімум цікаўнасць да гэтага.

— Калі інтарэс ёсць, то стаць спецыялістам у сельгасвытворчасці можна і без адпаведнай адукацыі, — кажа субяседніца. — А вось каб адчуваць сябе высокакласным спецыялістам, без універсітэцкіх ведаў не абыйсціся.
Менавіта таму ў бліжэйшых планах Насці — стаць студэнткай-завочніцай адной з вышэйшых навучальных устаноў краіны.

У “Міхалёўскай Ніве” гераіня аповеду працуе з верасня мінулага года. Сфера яе дзейнасці — ахова працы і тэхніка бяспекі ў сельгасарганізацыі. Анастасія прызнаецца, што перш чым заняць гэтую пасаду, адчувала няўпэўненасць: усё ж такі зусім новы і адказны накірунак. Але ж і тэхнічная адукацыя, і курсы па спецыяльнасці, і ўсё тая ж прага да новых ведаў хутка пазбавілі ад сумненняў. Навучацца, а затым выбудоўваць гэтую працу ў сельгасарганізацыі яна пачала з нуля. І вельмі ўдзячна спецыялісту ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ганне Белай і Людміле Рыбаковай з інспекцыі па працы, якія заўжды на сувязі і з гатоўнасцю дзеляцца пытаннямі сваёй кампетэнцыі.

Пра калектыў “Міхалёў­скай Нівы” Анастасія адгукваец­ца з цеплынёй — згуртаваны і дружны. Да яе як новага спецыяліста ставяцца з павагай, і кожны гатовы прыйсці на дапамогу. Кіраўнік Ігар Ганчароў не пакідае без увагі ніводнай прапановы і рэкамендацыі, сам дасканала паглыбляецца ў кожную дэталь. Нягледзячы на абмежаванасць бюджэту (у гаспадарцы нядаўна завяршылі будаўніцтва новага МТК), пытанне — набыць ці не набыць спецадзенне для работнікаў — у гаспадарцы не стаіць. У планах бліжэйшага часу — папоўніць запасы абутку, сродкаў індывідуальнай аховы.

У абавязках Анастасіі гэтай парой — зрабіць неабходныя справаздачы па выніках мінулага года і распраца­ваць план мерапрыемстваў на новы. Сярод асноўнага — правядзенне інструктажоў з работнікамі, навучанне і праверкі ведаў па допуску іх да працы, маніторынг медыцынскіх аглядаў. Таксама правядзенне штодзённага кантролю і маніторынгу вытворчасці на прадмет выканання правілаў тэхнікі бяспекі. “Да прыкладу, тут жа раблю заўвагу і прадпісанне інжынеру-механіку, калі бачу, што аўтамабіль стаіць на рамонце без адкатаў, а значыць, — створана пагроза для здароўя і жыцця людзей”, — кажа субяседніца. Пры гэтым пачынаючы спецыяліст упэўнена, што прынцыповасць у пытаннях аховы працы — і яе, і ўсіх, хто датычны да гэтага боку вытворчасці — залог поспеху сельгасарганізацыі: клопат пра людзей канвертуецца ў добрасумленнае іх стаўленне да працоўных абавязкаў, а значыць — павялічвае эфектыўнасць гаспадарання.

Прочитано 66 раз
Занятость Туризм и отдых Туристическая карта Бобруйского района
© 2025 г. Бобруйский районный исполнительный комитет
Разработка и поддержка: КУП «МОЦИС», г. Могилев.