— Жадаю, каб у годзе, які адыйшоў, вы пакінулі ўсё, што турбавала, не давала заспакоіцца, а ў новым — былі здаровымі, радаснымі, адчувалі шчасце клопату пра сябе, — адзначыла, віншуючы бабуль і дзядуль, старшыня райсавета дэпутатаў Ірына Старавойтава. Яна таксама ўручыла ліст удзячнасці камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама малодшай медыцынскай сястры Алене Вішняковай, якая шчыра і добрасумленна выконвае абавязкі па доглядзе хворых аддзялення.
Здароўя, выдатнага настрою, паболей сустрэч з роднымі, у каго яны маюцца, пажадала састарэлым і інвалідам начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Пясоцкая. Дырэктар раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна Тарасевіч разам з іншым запэўніла, што клопат пра жыльцоў аддзялення і надалей будзе ўсебаковым і якасным: на гэта нацэлена работа ўсяго калектыву сацыяльнай установы.
Напрыканцы свята пастаяльцам былі ўручаны салодкія пачастункі. Выдатны падарунак састарэлым грамадзянам зрабілі і работнікі культуры — зладзілі для іх цікавую калядную праграму з тэматычнымі песнямі, танцамі, жартамі і нават Казой. Апладысменты ад бабуль і дзядуль, а галоўнае — усмешкі на іх тварах далі зразумець, што мерапрыемства сапраўды прыйшлося даспадобы, падаравала добры настрой.




















