За 11 месяцаў валавыя прывагі па ферме склалі звыш 261 тыс. кг або 126,5% да адпаведнага перыяду мінулага года. Сярэднесутачныя прывагі за гэты перыяд атрыманы на ўзроўні 746 г або 102,5%. Прыкметна выраслі, у параўнанні да адпаведнага перыяду 2023 года (136,7%), валавыя прывагі і ў лістападзе, яны склалі без малога 23 тыс. кілаграмаў. З пачатку года таварнай фермай рэалізавана на мясакамбінат больш за 560 бычкоў (226 тон) на суму звыш 1 млн. рублёў.
Найвышэйшы паказчык сярэднесутачных прывагаў па выніках работы за студзень-лістапад адзначаны ў жывёлавода фермы Любові Мікалаеўны Лебедзевай — 791 г. У лістападзе ў лідары па гэтым паказчыку выйшла жывёлавод Наталля Рыгораўна Бокач — 715 г. Валавых прывагаў за лістапад найбольш дасягнула зноў жа Любоў Лебедзева — 5607 кг.
— На таварнай ферме № 3 у нас вельмі працавіты калектыў, — кажа намеснік дырэктара СВК «Гігант» па ідэалагічнай рабоце Анастасія Гацко. — Загадчык фермы Васіль Аркадзьевіч Бакач (на галоўным фота) неаднойчы ўзнагароджваўся ганаровымі граматамі СВК, удзячнасцямі пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі сельгаспрадпрыемства. А па выніках работы за 2023 год калектыў пад яго началам за дасягненне самых высокіх у раёне прывагаў буйной рагатай жывёлы ўдастоены Ліста ўдзячнасці Бабруйскага раённага выканаўчага камітэта.
Відавочна, што высокія паказчыкі не бяруцца самі па сабе — за імі фізічна нялёгкая і адказная праца людзей і кожнага работніка ў асобку. Мая субяседніца Любоў Лебедзева жывёлаводчай справе на ферме аддала тры дзясяткі год. За гэты час, як кажа жанчына, шмат што змянілася ў арганізацыі працы. Цяпер жывёлаводу не трэба самому нагружаць корм з траншэі, разгружаць яго ў хляве і разносіць па кармавым стале: усё гэта механізавана, што значна аблегчыла працу жывёлавода. Між тым, калі хочаш мець добры вынік і робіш для гэтага ўсё магчымае, намаганняў усё роўна патрабуецца шмат, тым болей што жывёлы на ферме, у параўнанні з колішнімі гадамі, прыкметна пабольшала.
— У нашай справе галоўнае — у час накарміць жывёлу і якасна яе даглядзець, — дапаўняе размову загадчык фермы. — Да корму: сумясі з сіласу і сплюшчанай кукурузы — асаблівыя патрабаванні. Абавязкова павінны быць вытрыманы прапорцыі абодвух складнікаў (Васіль Аркадзьевіч упэўнена аперыруе лічбамі). Неадступна трэба сачыць, каб корм быў у доступе, каб свежым быў падсцёл, каб не прапусціць выпадак захворвання жывёлы, каб падтрымліўвася вакол парадак. Штомесяца ажыццяўляем адгрузку бычкоў на мясакамбінат, адпаведна — выгрузку маладняку, які паступае на ферму з іншых жывёлагадоўчых аб’ектаў. Дзеля гэтага работнікі літаральна ўвесь дзень на працоўных месцах, выключэнне — абедзены перапынак.
Падначалены яму калектыў, па словах загадчыка, невялікі, зладжаны і добрасумленны. Акрамя вышэйзгаданых жанчын, жывёлаводамі тут працуюць Вольга Уладзіміраўна Арцёмава, Эдуард Васільевіч Васільеў і Басцьян Валер’евіч Бабкоў. На апошнім — абавязкі падменнага, каб у людзей была магчымасць адпачыць. Работнікі фермы ў асноўным мясцовыя, жывуць у Бірчы, што і ім, і гаспадарцы зручна.
Бягучы год набліжаецца да завяршэння, неўзабаве — падвядзенне вынікаў напрацаванага ў ім. Калектыў таварнай фермы «Бірча» і сёлета, без сумнення, зробіць прыкметны ўнёсак у скарбонку агульных дасягненняў сельскагаспадарчага кааператыва — эканамічную трываласць «Гіганта».