Russian Belarusian Chinese (Simplified) English French German

logo

Адрес: 213809 г. Бобруйск, ул. Пушкина, 215а

Телефон приемной: 8 (0225) 74-99-41

E-mail: Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00

Понедельник, 14 Октябрь 2024 12:04

Вялікі клопат і вялікае шчасце. Да Дня мацi наш аповед — пра жыхарку пас. Туголiца Кацярыну Сiдарэнка i яе сям’ю.

Што значыць — не мець у дзяцінстве мацярынскай пяшчоты, мая субяседніца, мнагадзетная маці з пас. Туголіца Кацярына Сідарэнка ўзведала на сабе. Яе матуля пайшла з жыцця, калі дзяўчынцы было ўсяго сем год, яшчэ раней не стала таты.

І хоць бабуля — так ласкава ў сям’і называлі родную матчыну сястру, якая ўзялася выхоўваць асірацелых пляменніц — ставілася да іх не горш як да ўласных дзяцей, песціла і шкадавала, многаму навучыла і ў многім дапамагла (згадваючы яе, жанчына не стрымлівае слёз удзячнасці) — туга па маці, па немагчымасці выма­віць гэтае ласкавае і чароўнае, як ёй здавалася, слова дзіцячае сэрца не адпускала.

У самой Кацярыны чацвёра сыноў: два ад першага шлюбу і два ад другога. Яна радуецца кожнай хвіліне, праведзенай з дзецьмі. З удзячнасцю і гонарам адгукваецца пра мужа Уладзіміра, сапраўднага гаспадара і чулага бацьку, які з любоўю і клопатам, як да ўласных дзяцей, ставіцца да сыноў старэйшых.
Пра сваіх хлопчыкаў Кацярына гатова расказ­ваць бясконца.


Арцёму 15-ць, ён вучыцца ў Жыліцкім сельска­гаспадарчым каледжы на агранома. Не надта падкі да вучобы, хлопец між тым па-даросламу разважлівы, не цураецца працаваць. За заробленыя ў летнія канікулы грошы набыў, як і марыў — айфон.
12-гадовы Кірыл — разважлівы, стрыманы і вельмі ўважлівы: на дзень нараджэння матулі абавязкова прыдумае падарунак. Пасля сёмага класа хлопчык хацеў бы паступіць у кадэцкае вучылішча. Па-вайсковаму строгі рэжым яго не пужае: вось ужо колькі год Кірыл займаецца ў ваенна-патрыятычным гуртку, і ў летнія канікулы, калі быў у лагеры, меў магчымасць пазнаёміцца з кадэцкім жыццём.
10-гадовы Аляксей, як і старэйшыя браты, наведвае музычную школу, а сёлета запісаўся і на заняткі па самба. Прылежны, любіць прыласціцца, без нагадвання, як і іншыя браты, выконвае хатняе заданне.
Самы маленькі ў сям’і і яе пацеха — Ванька. Хлопчыку ўсяго паўтара года, але кампанія братоў для яго — найлепшае баўленне часу. Свавольні­чаць Ваньку па статусе дазваляецца, але калі занадта разыдзецца ці заўпарціцца — да братавых заўваг тут жа прыслухоўваецца.
Да таго ж, на апецы ў Сідарэнкаў — юнак-родзіч Кацярыны, сацыяльны сірата. Цяпер маладому чалавеку 17 год, на момант з’яўлення ў сям’і быў падлеткам. Дзмітрый выдатна вучыцца ў Клімавіцкім сельскагаспадарчым каледжы, каб потым пайсці на працу ў СВК “Гігант”.
Жывуць Сідарэнкі ў прасторнай двухпакаёўцы добраўпарадкаванага дома на ўездзе ў Туголіцу, але зусім хутка збіраюцца перабрацца ў новенькі прасторны дом, узведзены для іх з дзяржаўнай падтрымкай і з выкарыстаннем мацярынскага капіталу.
Увогуле, дапамога сем’ям з дзецьмі, па словах мнагадзетнай маці, у краіне велізарная.
— Сацыяльнае жыллё, чым з’яўляецца цяперашняя кватэра, мне з дзецьмі вылучылі як сіраце. І гэта было сапраўдным шчасцем. Тым болей што дом быў новенькі, толькі пабудаваны, — дзеліцца маладая жанчына. — Страшна было зрывацца з Осава, дзе да гэтага жылі, але ж хутка адчула перавагу новай мясцовасці: развітасць інфраструктуры, шмат моладзі ды і да горада рукой падаць. А неўзабаве пазнаёмілася з будучым мужам. Ён мясцовы, на той час служыў у войску па кантракце. Пажаніліся. Са з’яўленнем сына зразумелі, што ў кватэры стала цеснавата. Прыйшла думка пабудаваць дом — ажыццявіць маю і Ула­дзіміра мару, і дзяржава ў гэтым нам падставіла плячо. Дом пабудаваны, цяпер займаемся яго добраўпарадкаваннем — унутраным і звонку. Грошай гэта патрабуе немалых, таму месца работы муж вырашыў змяніць — працуе ў дарожнай службе суседняй Расіі. Заробак прыкметна пабольшаў, аднак і траты сям’і павялічваюцца — дзеці рас­туць, каштуе грошай будоўля. Але ж дом — вялікая радасць. Асабіста я ўжо размеціла, дзе і што пасаджу ў агародзе — патроху, але ўсяго, каб на стале заўжды былі свае гародніна і садавіна, зеляніна, ягада.
Зрэшты, свежую расліннасць сям’я мае і цяпер. Агуркі, памідоры Кацярына садзіць на дачы ў стрыечнай сястры тут жа ў Туголіцы. Вялікую дапамогу, па словах жанчыны, аказвае і мужава маці, за што сям’я ёй вельмі ўдзячна.


Да дэкрэтнага адпачынку Кацярына працавала ў прадуктовай краме, што насупраць іх дома. Цяпер яе работа — выключна сям’я. Згатаваць сняданак, выправіць старэйшых у школу, прыбрацца, пагуляць з малодшым, паклапаціцца пра палудзень, сустрэць дзяцей са школы, праве­рыць урокі, яшчэ раз пагуляць з Ванькам, згатаваць вячэру, зноў прыбрацца, падрыхтавацца да сну, абмеркаваць сямейныя клопаты з мужам… Кола штодзённых спраў, звыклых і адшліфаваных, якія — з гэтым пагодзіцца кожная матуля — адначасова вымотва­юць і напаўняюць шчасцем, радасцю жыцця.
Шмат дзяцей — гэта і шмат святаў. Дні наро­дзінаў сыноў, з падарункамі, рознакаляровымі шарамі, смачнай матулінай выпечкай у сям’і абавязковыя, хоць і не шматлюдныя. “Любоў да гатавання мне прывіла “бабуля”, асабліва люблю павазіцца з цестам. І хоць перавагу аддаем здароваму харчаванню, у святы не абыходзіцца без некарыснага: піцы, нагетсаў, бульбы-фры”, — усміхаецца субяседніца.
Ці пашкадавала хоць калі Кацярына, што ўзваліла на сябе нялёгкі клопат шматдзетнай маці? Па словах жанчыны — ніколі. Затое прыемных момантаў, звязаных з дзецьмі і сям’ёй, — безліч. Яна з захапленнем згадвае, як колькі год таму ўдзельнічалі ў раённым конкурсе “Сям’я года” і лічыць гэта своеасаблівай ацэнкай іх ячэйкі грамадства. Кацярына марыць, каб шчасце мацярынства з гадамі не згасла — дзеці выраслі годнымі грамадзянамі сваёй краіны, чулымі і спагадлівымі да родных і ўсіх, хто побач. Каб дом, пра які яны так марылі, заўжды аб’ядноўваў іх вялікую і дружную сям’ю.

Трыбуна працы

Прочитано 85 раз
ЗанятостьТуризм и отдых Лицензирование Туристическая карта Бобруйского района Трудоустройство молодежи в свободное от учебы время
© 2013 г. Бобруйский районный исполнительный комитет
Разработка и поддержка: КУП «МОЦИС», г. Могилев.