Адкрываючы сход, намеснік старшыні Бабруйскага райвыканкама, старшыня раённай камісіі па справах непаўналетніх Таццяна Варанко засяродзіла ўвагу на значнасці мерапрыемства.
— Спадзяюся, што вы надзвычай сур’ёзна паставіцеся да атрыманай інфармацыі, абмяркуеце яе не толькі ў сваіх сем’ях, але і падзеліцеся з іншымі бацькамі, — адзначыла намеснік старшыні.
Шмат увагі было ўдзелена тэме непаўналетняй злачыннасці. З пачатку года дадзенай катэгорыяй грамадзян у раёне ўчынена 5 злачынстваў. Пра гэтыя выпадкі і ў цэлым пра тэндэнцыі супрацьпраўных паводзін непаўналетніх раёна распавяла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Наталля Праташчык.
Там жа былі ўзняты тэмы прыцягнення непаўналетніх да ўчынення злачынстваў праз інтэрнэт, у тым ліку экстрэмісцкага накірунку, распаўсюду наркотыкаў, дзіцячага свавольства з агнём, бяспечных паводзін на дарозе, асаблівасцяў гігіены і рацыянальнага харчавання школьнікаў, насілля ў сям’і ды іншыя.
Да дарослых давялі інфармацыю, куды звяртацца падчас таго ці іншага праблемнага пытання. Заклікалі быць насцярожанымі падчас зменлівых паводзінаў дзяцей, а галоўнае — весці з непаўналетнімі даверлівыя размовы, быць ім сябрамі, ведаць асяродак, у якім бавяць вольны час дочкі і сыны, цікавіцца колам іх інтарэсаў. Бо ўсё ж роля сям’і ў выхаванні дзяцей — найгалоўнейшая.


