Між тым хлебаробы сельгаспрадпрыемства гатовы да любых праяў надвор’я, галоўнае — ёсць што ўбіраць. Кукуруза міхалёўцаў сёлета парадавала. Сярэдняя ўраджайнасць зялёнай масы, па апошніх дадзеных, складае 350 ц/га, што вышэй, чым у мінулыя гады. На асобных участках — і значна большая.
На ўраджайнасць паўплывала надвор’е — дастатковая колькасць вільгаці на старце і спрыяльнае для росту расліны спякотнае лета, а таксама выкананне тэхналагічных патрабаванняў да вырошчвання — своечасовая сяўба і своечасовая падкормка пасеваў, — заўважыў галоўны аграном ААТ «Міхалёўская Ніва» Сяргей Мартынчык.
Да ўборкі кукурузы на сілас, па яго словах, прыступілі болей за тыдзень таму. На ўчарашнюю раніцу з пасеяных 1000 га на гэтыя мэты было ўбрана 196 га. Атрыманыя без малога 7 тысяч тон зялёнай масы размеркаваны па траншэях на жывёлагадоўчых аб’ектах. У дзень нашага наведвання месцам складзіравання з’яўлялася другая па ліку сіласная траншэя паблізу в. Забалацце — побач з полем, дзе і ўбіралася кукуруза, што станоўча ўплывала на тэмпы работ. МАЗы і трактары адзін за адным падстройваліся пад імклівую хаду КВК-800, за некалькі хвілін напаўняючы прычэпы.
Вадзіцель Васіль Шырокі
Вадзіцель Сяргей Шырокі
Камбайнер Мікалай Канавалаў
Уборка кукурузы ў гаспадарцы вядзецца двума адзінкамі тэхнікі пад кіраваннем Мікалая Канавалава і Андрэя Андруховіча. На адвозцы зялёнай масы задзейнічана ў асноўным 8-9 МАЗаў і трактараў.
Яшчэ 200 га кукурузы збіраюцца ўбраць на зерне. У гэтыя дні вядзецца падрыхтоўка тэхнікі да дадзенага віду работ.
Працягваецца восеньская пасяўная. Яе тэмпы, зноў жа з-за спякоты і адсутнасці дажджоў, некалькі зніжаны, аднак работы вядуцца штодня. З пасеянага — 370 га азімага рапсу, 45 га азімага ячменю і 240 га азімай пшаніцы. Закладкай новага ўраджаю, працуючы на пасяўных агрэгатах, займаюцца аксакалы механізатарскай справы Валянцін Тарасевіч і Анатоль Кукабака.
З іншых работ на гэтую пару — нарыхтоўка сена з траў трэцяга ўкосу, прэсаванне і ўборка саломы. Апошняе — на Аляксандры Антончыку, у чыім распараджэнні прэс-падборшчык.
Хацелася б і дажджоў, і тэхнікі для перавозкі ўраджаю болей, але сыходзім з таго, што маем. Людзі працуюць добрасумленна. Кожны ў калектыве ўсведамляе — з задачай убраць ураджай і закласці новы нам трэба справіцца, — адзначыў дырэктар ААТ «Міхалёўская Ніва» Ігар Ганчароў.