У раслінаводстве галоўныя задачы — своечасова і якасна пасеяць культуры, своечасова і якасна сабраць ураджай. Апошнім якраз цяпер і займаюцца аграрнікі, выкарыстоўваючы кожную пагодлівую хвіліну і кожную прапанову дапамагчы. Таму зусім не рэдкасць сустрэць у гэтую пару на калгасных палях тэхніку гарадскіх прадпрыемстваў.
Не першы год дапамагае раёну з перавозкай зерня ў жніво вадзіцель аўтобуснага парка №2 г. Бабруйска Вячаслаў Толак. І, як заўважае Вячаслаў Аркадзьевіч, ён гэтым ганарыцца.
— На прапанову паехаць дапамагчы сяльчанам адрэагаваў станоўча. Вёска і яе ўклад для мяне заўжды прыцягальныя: у вёсцы Такары сам нарадзіўся і да другога класа вучыўся, ды і практычна вырас у бабулі — праводзіў там усе канікулы. За 30 год працоўнага стажу дапамагаю сельгаспрадпрыемствам раёна, і непасрэдна ААТ “Неўскі-Агра”, не ўпершыню. Вазіў і зерне, і цукровыя буракі. Да сяльчан стаўлюся з вялікай павагай — людзі простыя, шчырыя, працалюбівыя, — кажа Вячаслаў Аркадзьевіч.
Не пужае гарадскога памочніка і напружанасць працоўнага дня. Калі па асноўным месцы работы абавязкі Вячаслаў Толак выконваў у асноўным з 8 раніцы і да 5 вечара, то тут, у залежнасці ад надвор’я, здараецца вазіць зерне і да 21-й гадзіны. Дамоў прыязджаю ў 22 гадзіны. Жонка за гады звыклася з такім графікам ды і разумее сельскі ўклад.
Арганізацыяй работы на жніве субяседнік задаволены. Абеды і вячэры, па словах Вячаслава Аркадзьевіча, сытныя і смачныя.
Да слова, кіраўніцтва ААТ “Неўскі-Агра” гарадскімі памочнікамі таксама задаволена. “Людзі працуюць адказна, з разуменнем пастаўленых задач”, — заўважыў дырэктар Міхаіл Стрыжэўскі.