Russian Belarusian Chinese (Simplified) English French German

logo

Адрес: 213809 г. Бобруйск, ул. Пушкина, 215а

Телефон приемной: 8 (0225) 74-99-41

E-mail: Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00

Понедельник, 16 Октябрь 2023 10:09

Матчына радасць — здаровыя і шчаслівыя дзеці

Мацярынства. Найбольш актыўная яго фаза: клопат пра маленькага чалавечка, які ад цябе цалкам зале­жыць, узважлівы падыход да сваіх дзеянняў і слоў, калі малеча падрастае, спазнае свет, цікавіцца наваколлем і падзеямі, калі набіраецца вопыту ўзаема­дзеяння з сябрамі, старэйшымі, у вучобе, працы, каханні, калі будуе ўласную сям’ю, кар’еру — адказная, але найшчаслівейшая ў жыцці амаль кожнай жанчыны-маці.

Усё гэта мая субяседніца, жыхарка в. Вішнёўка, працаўніца мясцовай сацыяльнай установы Наталля Іванаўна Нарвілас, спазнала і працягвае спазнаваць: старэйшыя дачка і сын ужо стварылі ўласныя сем’і і жывуць асобна, малодшая дачушка вучыцца ў Брожскай сярэдняй школе.

— Розніца паміж дочкамі амаль 18 год, — усміхаючыся, кажа жанчына. — Таму стаўленне ў старэйшых да малодшай заўжды было вельмі трапяткім, яны і цяпер яе апякаюць, клапоцяцца, падтрымліваюць ва ўсім.

Стаць шматдзетнай сям’ёй для Наталлі Іванаўны і яе мужа Уладзіміра Аляксандравіча, шлюбу якіх сёлета 33 гады, было натуральным: і яна, і ён выйшлі з сем’яў, дзе дзяцей было болей за двое. Дынастыю шматдзетнасці працягнула і старэйшая дачка Нарвіласаў Таццяна — акрамя траіх сваіх дзяцей стала матуляй для хлопчыка і дзяўчынкі з дзіцячага дома. На запытанне Наталлі Іванаўны, ці добра дачка падумала перш чым адважыцца на такі высакародны, але адказны і няпросты крок, тая заўважыла, што проста спраўдзіла яе колішнюю мару — дапамагчы хаця б аднаму абдзеленаму мацярынскай увагай дзіцяці. Вось такое яно выхаванне па-нарвіласаўскі!

На гэтым, пішучы пра Наталлю Іванаўну-маці, можна б было спыніцца. Але ж цікавы, як кажуць, сам працэс: як прывівалі дзецям любоў да людзей і працы, як выхоўвалі ў іх чалавечыя якасці, закладвалі спрадвечныя чалавечыя каштоўнасці, як выбудоўваюць узаемаадносіны цяпер, каб сям’я з радасцю і нецярпеннем прыязджала ў бацькоўскі дом.

— Змалку прывучалі дзяцей да працы, — кажа мая субяседніца. — Не прымусам, а больш уласным прыкладам, бо самі без справы ніколі не сядзелі. Заўжды трымалі вялікую гаспадарку, агароды, якія патрабуюць увагі. Займаліся прадпрымальніцтвам, што патрабавала вялікага напружання і выкладкі… Мне ж асабіста вельмі хацелася, каб дочкі і сын выраслі спагадлівымі: да людзей, сваіх і чужых, да ўсяго жывога. Тлумачыла звычайна на прыкладзе. Паказваючы на якую-небудзь букашку, казала — па ёй нельга тупаць чаравічкам: у яе, магчыма, ёсць маленькія дзеткі, якія яе чакаюць і галодныя памруць, калі нічога не прынесці… Тыя размовы спрацавалі ці нешта іншае, але ж дзеці сапраўды выраслі годнымі людзьмі. Кожным з іх бязмежна ганаруся. Старэйшая Таццяна — мэтанакіраваная, арганізаваная ва ўсім, мала таго што з пяцёра дзецьмі выдатна спраўляецца — знахо­дзіць час для дабрачыннасці, валанцёрства. Сама дапамагае прытулку бяздомных хатніх жывёл і згуртоўвае для гэтай справы іншых.
За сына, калі падрастаў, Наталля Іванаўна, як кажа, хвалявалася найболей.

— Хлопчыкі і па прыродзе сваёй адрозніваюцца ад дзяўчат: больш непаседлівыя, не такія прылежныя. Баялася, каб раптам дрэнная кампанія не паўплывала. Аляксандр цікавіўся спортам, трэніроўкамі. Нездарма ж на раённай “Масленіцы” тры гады запар (смяецца) здымаў з высокага слупа пеўня. Да вучобы ў школе сын асаблівай ахвоты не выказваў, хоць быў вельмі здатны. Затое цяпер, калі пасталеў, шмат чытае, прычым, цікавіцца сур’ёзнымі тэмамі. Прыязджаючы з Масквы, дзе не першы год жыве і працуе — а сёлета і ажаніўся з бабруйскай дзяўчынай — абавязкова радуе нас з бацькам падарункамі, з гатоўнасцю бярэцца дапамагчы па гаспадарцы.

І, вядома ж, сапраўдны падарунак для маці і сям’і — малодшая дачушка, чулая, пяшчотная, ва ўсім памочніца. Па натуры Ксенія творчая: мае здольнасці і любіць маляваць, вучыцца ігры на гітары. І гэтак, як і старэйшыя, гатова працягнуць руку дапамогі тым, хто мае ў ёй патрэбу. Дзяўчына ў той пары, калі варта вызначацца з будучай прафесіяй. Адзін з накірункаў, які разглядае, — стаць псіхолагам, лекарам чалавечай душы. Пойдзе па гэтым шляху ці не, пакажа час. Для матулі ж важна, што дачка расце добрым і спагадлівым чалавекам.

Уласны прыклад, як вядома, найлепшы настаўнік. Гэтак лічыць і мая субяседніца. Разлічваць на добрае стаўленне дзяцей, на іх жаданне падтрымліваць узаемаадносіны адзін з адным, з усімі роднымі можна, па словах Наталлі Іванаўны, калі і сам да бацькоў ставішся з павагай. У надыходзячым лістападзе бацькі Наталлі Іванаўны: Іван Фёдаравіч і Вольга Міхайлаўна Расохі адзначаць 55-гадовы юбілей сумеснага жыцця. І, вядома ж, у сям’і Нарвіласаў гэта не застанецца незаўважаным. Павіншаваць найстарэйшых яе членаў, падзякаваць ім за невымерныя любоў, клопат і турботу, якія праяўляюць да нашчадкаў на працягу жыцця, дружна збяруцца ад вялікага да малога.

У тым і ёсць шчасце мацярынства, як лічыць мая субяседніца, — бачыць усіх родных здаровымі, шчаслівымі, натхнёнымі, мэтанакіраванымі, адчуваць клопат пра сябе з боку тых, каму прысвяціў жыццё, за каго штодня турбуешся, перажываеш, каго бязмерна любіш, ганарыцца імі.

А яшчэ — у шчаслівай старасці. Гэта Наталлі Іванаўне зразумела як нікому: вось ужо 5 год яна працуе ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання для пажылых людзей і інвалідаў Бабруйскага раённага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва ў Вішнёўцы. Штодня бачыць вочы тых, хто дажывае старасць ва ўмовах няхай і камфортных, але не ў коле сям’і. Пагаварыць з падапечнымі, выслухаць ці патрымаць за руку лічыць сваім не абавязкам, а неабходнасцю, з простай жыццёвай філасофіі — што аддасі, тое і атрымаеш.

Прочитано 65 раз
ЗанятостьТуризм и отдых Лицензирование Туристическая карта Бобруйского района Трудоустройство молодежи в свободное от учебы время
© 2013 г. Бобруйский районный исполнительный комитет
Разработка и поддержка: КУП «МОЦИС», г. Могилев.