Пачаўся абрад з малебна ля Паклоннага крыжа, які правёў айцец Аляксандр, святар бабруйскага жаночага манастыра Святых Жон-міраносіц. Атрымаўшы блаславенне на добрую справу, удзельнікі хроснага ходу, сярод якіх і работнікі Пятровіцкага Дома народнай творчасці, у суправаджэнні бацюшкі, з абразам Гарбацэвіцкай Божай маці ішлі па населеным пункце, заходзілі ва ўсе адчыненыя вароты домаўладанняў і блаславілі іх жыльцоў — жадалі божай ласкі: здароўя, душэўнай раўнавагі, шчодрага года, міру.




— Абрад мне вельмі спадабаўся. Ідучы па вёсцы, адчувала, быццам на мяне скіравана ўся добрая энэргія, а я ўбіраю яе ў сябе, — падзялілася ўражаннем удзельніца хроснага ходу Марыя Лаўрыновіч, загадчыца аддзела народнай творчасці раённага Цэнтра культуры. — Прыемна ўразіла, наколькі мясцовым людзям блізкі гэты абрад, як моцна яны чакаюць Прошчу, як радуюцца святому абразу ў сваім двары. Тыя чатыры з паловай гадзіны, што доўжыўся хросны ход, асабіста для мяне праляцелі імгненна.
Завяршылася “Нашэнне Прошчы” зноў жа малебнам ля Паклоннага Крыжа. Жыхары Пятровічаў пачалі новы адлік году — з надзеяй і спадзяваннем, што ўсё ў іх будзе добра.