У гаспадарках, дзе сеялі грэчку: ААТ «Міхалёўская ніва», ААТ «Неўскі-Агра», філіял «Варатынь» ААТ «БЗТДіА» і філіял «Харчавік-Агра» ААТ «Чырвоны харчавік АграСэрвіс», займаюцца зборам ураджаю культуры. Як паведаміў начальнік вытворчага аддзела райсельгасхарчу Віктар Садоўскі, на раніцу ўчарашняга дня было ўбрана 250 гектараў з 340. Намалочана 268 тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці 11 цэнтнераў з гектара. Найвышэйшую ўраджайнасць атрымалі працаўнікі філіяла «Харчавік-Агра» — каля 15 ц/га.
У «Міхалёўскай Ніве» прыступілі да ўборкі цукровых буракоў (вырошчваннем культуры займаюцца таксама і ў «Неўскім-Агра»). Салодкія караняплоды ўбраны на плошчы 41 гектар — усяго ў раёне пад культуру адведзена 700 га. Ураджайнасць, па апошніх дадзеных, — 350 ц/га.
Пачалося капанне бульбы. З раённага плану ў 630 гектараў убрана 33 га пры сярэдняй ураджайнасці 273 ц/га. Капаюць бульбу ў СВК «Гігант», ААТ «Неўскі-Агра», ТАА «ВЕОМ».
Займаюцца ў раёне таксама ўборкай кукурузы на сілас. З плошчы 5 160 гектараў на гэтыя мэты ўбрана 1 147 га або 22% ад неабходнага (яшчэ каля 6 800 гектараў трэба будзе ўбраць на зерне). Ураджайнасць зялёнай масы на гэты час — 235 ц/га.
Адначасова з уборачнымі работамі вядзецца сяўба азімых — пасеяна 396 гектараў ці 4% ад плану. Актыўна рыхтуецца глеба пад восеньскую сяўбу.