Людзей на камісію прыйшло нямала. Праўда, іншым, каб “адважыцца” на гэта, спатрэбілася настойлівая рэкамендацыя в. а. старшыні Глушанскага сельвыканкама Таццяны Плоскай. Непрацуючыя гэтай катэгорыі ў асноўным яшчэ раз прадэманстравалі, што не супраць і далей заставацца ў кагорце афіцыйна незанятых у эканоміцы, а ўласную эканоміку выбудоўваць сыходзячы выключна з уласнага меркавання пра жыццё — перабівацца выпадковымі заробкамі ў аднавяскоўцаў ды быць “на ты” з бутэлькаю.
Валерый Р. не працуе тры месяцы. Тэрмін, здавалася б, нязначны, каб біць трывогу ці адчайвацца. Аднак праблема ёсць. Апошняе месца працы наведвальніку камісіі давялося пакінуць з-за непрацягу наймальнікам кантракту, прычына — прыхільнасць да спіртнога. Як і большасць тых, кім завалодаў “зялёны змій”, Валерый запэўнівае, што паводзіны кантралюе. Але слава п’яніцы, як ахарактарызавалі яго сяльчане, наўрат ці пакінула на гэта шанец, тым болей — па месцы жыхарства.
Не абцяжарвае сябе пошукам працы і Дзмітрый М. З жонкай, інвалідам 2-й групы, стварылі ў доме антысанітарыю і прытон для БОМЖаў і людзей асацыяльных паводзінаў. Наракаючы на кепскае здароўе і абмежаванні па працы, ён, аднак, не мае даведкі, што пацвярджае гэта.
Прыйшлі на камісію і грамадзяне, чый статус “беспрацоўны” выкліканы цяжкім становішчам, у якім людзі апынуліся. 52-гадовы Анатоль не мае прапіскі і пашпарта, што не дазваляе яму афіцыйна працаўладкавацца, хоць жаданне да гэтага вялікае. Вырашыць праблему члены камісіі ўзяліся, тым болей што дакумент, які пацвярджае асобу, ужо, з дапамогай участковага, у стадыі вырашэння.
Алег В. перанёс інсульт, ёсць і дакументы, якія гэта пацвярджаюць. Але ж адсутнічаюць прапіска, што не дазваляе прэтэндаваць на дапамогу па страце здароўя, і жыллё.
— Па выніках работы камісіі ў Глушы магу сказаць, што праблемы, як і ў іншых сельсаветах, у нежаданні людзей працаваць і ў няпростых жыццёвых абставінах. І ў першым, і ў другім выпадку імкнемся змяніць сітуацыю — некага магчыма нават праз лячэбна-працоўны прафілакторый: пабыўшы там, чалавек, здараецца, бярэцца за розум і імкнецца сябе рэалізаваць, знаходзіць, у тым ліку з нашай дапамогай, шляхі да гэтага. А ёсць людзі гатовыя да таго, каб быць задзейнічаным у эканоміцы, але замінае жыццёвая сітуацыя, у якой апынуліся. Ім адназначна дапамагаем — шукаем розныя варыянты для гэтага. Дапамагчы хаця б аднаму чалавеку вырашыць праблему занятасці і адчуць сябе чалавекам — ужо многа, — адзначыў Геворг Мелканян.
Да слова сказаць, некаторым беспрацоўным, якія прыйшлі ў гэты дзень на камісію, рэкамендавана ў бліжэйшы час наведацца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацабароне райвыканкама для падбору вакансіі.
