Удзел у мерапрыемстве прынялі намеснік старшыні Бабруйскага райвыканкама Юрый Дымша, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Віталь Сідзюк і старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Надзея Дудаль.
Павіншаваўшы калектыў з надыходзячым прафесійным святам, дырэктар ПМК Дзмітрый Бязручкін заакцэнтаваў увагу на значнасці нялёгкай работы, якой займаецца калектыў, уручыў людзям, якія добрасумленна выконваюць даручаныя вытворчыя заданні, Ганаровыя граматы, Удзячнасці і грашовыя прэміі. Прычым, не толькі ад сваёй арганізацыі, але і ад галаўных — Дзяржаўнага аб’яднання “Белводгас”, ААТ “Магілёўводбуд”, а таксама камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама. Ад Бабруйскага раённага выканаўчага камітэта калектыў перасоўнай механізаванай калоны павіншаваў Юрый Дымша.
— Жадаю, каб ваша арганізацыя развівалася. Сваёй працай вы прадэманстравалі, што прадпрыемству па сілах розныя віды работ, не толькі непасрэдна меліярацыя. І галоўнае — вы дапамагаеце сельскай гаспадарцы: прыводзіце ў парадак зямлю, робіце яе больш урадлівай, каб раён дасягаў вышэйшай ураджайнасці, развіваўся і багацеў, — адзначыў намеснік старшыні райвыканкама.
Удзячнасцяў і грашовых прэмій удастоіліся работнікі ПМК таксама і ад прафсаюзаў. Іх уручылі, пажадаўшы калектыву здароўя, поспехаў і мірнага неба, Віталь Сідзюк і Надзея Дудаль.
Да слова сказаць, у калектыве ААТ “ПМК-84 Водбуд” сёння 60 чалавек. На тэрыторыі раёна ў гэтыя дні меліяратары працуюць на рацэ Валчанка, асушаюць балота, займаюцца тэхдоглядам: абкоскай каналаў, вырубкай кустоўя. Дадаткова дапамагаюць сельскай гаспадарцы ў пракладванні ворыва ды іншымі відамі работ. Таксама калектыў выконвае аб’ёмы работ на тэрыторыі іншых раёнаў Магілёўшчыны — Глускім, Шклоўскім, Горацкім.
— Спадзяюся, наша работа ацэньваецца станоўча. Людзі дзеля гэтага працуюць, укладваючы сілы і душу, імкнуцца зрабіць землі больш урадлівымі, даступнымі да апрацоўкі, — заўважыў Дзмітрый Бязручкін.


