На полі “Неўскага-Агра”, што суседнічае з Гомельшчынай, у раніцу панядзелка было шмат тэхнікі. Трактары — энерганасычаныя і не толькі, рухаліся па зададзеных механізатарамі траекторыях, выконваючы кожны свой працэс.

Леанід Чэрнік
Непасрэдна сяўба ў гаспадарцы на вопытным механізатары, майстры сваёй справы, чалавеку, без якога “Неўскі-Агра” ўжо і не ўявіць — на Леанідзе Леанідавічы Чэрніку, пра працоўныя подзвігі якога наша газета пісала неаднойчы і неаднойчы, спадзяемся, яшчэ напіша. Яго трактар МТЗ-3522 у звязцы з шыроказахопнай сеялкай RABE можна было ўгледзець то ў адным, то ў другім баку бязмежнага, ахопленага ворывам поля.
Падрыхтоўкай глебы, таксама на энерганасычаным трактары з камбінаваным агрэгатам для перадпасяўной апрацоўкі глебы LEMКEN CORUND-8, займаўся такі ж апантаны ў працы Леанід Пятровіч Шкрадзюк. З культыватарам Фенікс на трактары МТЗ-3522 працаваў вопытны, адказны ў справе Валерый Васільевіч Вавула.

Леанід Шкрадзюк
На полі, узбоч дарогі, заўважылі невялічкі трактарок Беларус-320 пад упраўленнем нястомнага ў працы механізатара Анатоля Уладзіміравіча Пялешкі. Як аказалася, ён падвозіў на поле насенне траў. Побач — тэхніку з насеннем збожжавых для сеялкі. Яго другі раз за раніцу падвёз Фёдар Кірылавіч Дзяменцьеў. Са слоў хлебароба, працоўны дзень у яго пачаўся а шостай гадзіне. У 7.00, загрузіўшыся, механізатар ужо быў з насеннем на полі.
— Працуем ад самай раніцы, людзі ўсведамляюць значнасць пастаўленай задачы, настрой ва ўсіх бадзёры, — адзначыла аграном (яе таксама засталі на перадавой сяўбы) Ганна Віктараўна Кісялёва.
Галоўны аграном Аляксандр Іванавіч Мельнік заўважыў, што ў рабоце практычна ўсе падрыхтоўчыя і пасяўныя агрэгаты гаспадаркі. Вядзецца ўвесь комплекс палявых работ: пракладваецца ворыва, уносіцца ў глебу арганіка, заканчваецца падкормка азімых, прычым, рапс (420 га) практычна падкормлены, а хутка мінераламі будзе ўздоблена і азімая збажына, якой 1500 гектараў — усё неабходнае для гэтага маецца.
Ганна Кісялёва і Фёдар Дзяменцьеў
Анатоль Пялешка
— Цяпер актыўна рыхтуем глебу пад раннюю ярыну, і ўжо на сёння (раніцу панядзелка) 256 з 800 гектараў пасеяна. Сеем 60 гектараў у дзень і разлічваем, што з раннімі каласавымі за тыдзень справімся, — канстатуе галоўны аграном. Ён таксама паведаміў, што, акрамя збожжавых і зернебабовых, у гаспадарцы маюцца пасеяць 160 гектараў грэчкі, 300 — цукровых буракоў, 1200 — кукурузы, у тым ліку 400 на зерне, пасадзіць 100 гектараў бульбы.
“Кожны ў таварыстве разумее, што хлябы трэба пасеяць у тэрмін, і мы, я упэўнены, з гэтым справімся”, — адзначыў кіраўнік ААТ “Неўскі-Агра” Алі Малікавіч Ахмедаў.