Пытанні абмяркоўваюцца як традыцыйныя — вынікі работы за студзень-люты, выкананне даведзеных заданняў па вытворчасці малака і мяса, так і адпаведныя сезону, у прыватнасці, уборка тэрыторый ферм і акаляючай пасля зімы, сыходу снежнага покрыву.
На сустрэчу з жывёлаводамі малочна-таварнага комплексу аг. Варатынь прыехалі намеснік начальніка райсельгасхарчу Аляксандр Кісялёў, старшы інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Бабруйскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Алена Крычко, кіраўнік філіяла “Варатынь” ААТ “БЗТДіА” Андрэй Сцяпанаў. Пачаўшы з падзякі работнікам МТК за добрасумленную працу і высокія вытворчыя паказчыкі — дзённы ўдой малака ад рагулі складае прыкладна 22 кілаграмы — намеснік начальніка райсельгасхарчу заклікаў не спыняцца на дасягнутым, шукаць шляхі для далейшага нарошчвання аб’ёмаў вытворчасці, у тым ліку праз удасканаленне падыходаў да выканання тэхналагічных рэгламентаў.

— На ўласным вопыце, на маю думку, кожны з вас зразумеў і ўпэўніўся, наколькі тэхналагічны падыход да арганізацыі вытворчых працэсаў: даення, кармлення жывёлы, станоўча ўплывае на вынікі работы, а адпаведна і ваш заробак. Але ж магчымасці, каб гэтыя вынікі яшчэ палепшыць, у вас таксама ёсць. Патэнцыял шукайце ў тых жа самых тэхналогіях — удасканальвайце кожны працэс, адшліфоўвайце, каб планку перадавікоў па вытворчасці малака не толькі ўтрымаць, але і падняць на больш высокі ўзровень, — адзначыў Аляксандр Кісялёў.
Прадстаўнік сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадкасцю давяла да жывёлаводаў статыстыку, якая склалася ў краіне з пажарамі. Нагадала асноўныя прычыны, якія здольны прывесці да бяды, у тым ліку гібелі людзей ад агню. Заклікала работнікаў аграрнай галіны быць пільнымі ў дачыненні ўсяго, што можа прывесці да надзвычайнай сітуацыі, вучыць дзяцей правілам бяспечнай жыццядзейнасці, уласнымі паводзінамі быць для іх родных прыкладам. Асаблівую ўвагу вяскоўцаў Алена Крычко звярнула на неабходнасць устаноўкі ў памяшканнях домаўладанняў аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў і ў сувязі з сыходам снегу — на правільнае абыходжанне са смеццем падчас веснавой уборкі тэрыторый. У прыватнасці нагадала, што спальваць раслінныя парэшткі катэгарычна забараняецца — за гэта можна не толькі атрымаць штраф, але і паквітацца з жыццём. Што датычыцца смецця, то спаліць яго на ўчастку можна толькі пры ўмове строгага выканання мер бяспекі — у безветранае надвор’е, на адпаведнай ад збудавання адлегласці, пры наяўнасці сродкаў тушэння і пад несупынным кантролем працэсаў гарэння. Каб дадзеную інфармацыю работнікі маглі час ад часу аднавіць, Алена Крычко пакінула прафілактычны раздатачны матэрыял.
* * *
Дзень жывёлавода на малочна-таварнай ферме ААТ “Стасеўка” прайшоў пры ўдзеле галоўнага спецыяліста планава-эканамічнага аддзела Бабруйскага райсельгасхарчу Максіма Ганжурава, дырэктара сельгасарганізацыі Дзмітрыя Зыка і в.а. старшыні Вішнёўскага сельвыканкама Сяргея Бусела.
Падчас абмеркавання з калектывам малочна-таварнай фермы паказчыкаў развіцця галіны за папярэдні год і два месяцы бягучага, да працаўнікоў давялі ролю кожнага ў іх паляпшэнні, заакцэнтавалі ўвагу на неабходнасці строгага выканання тэхналагічных патрабаванняў.
Не абыйшлося і без пытанняў у адрас мясцовай улады. Работнікаў сельгасарганізацыі цікавіў рамонт калодзежаў, а таксама пытанні ямачнага рамонту асфальтавага пакрыцця ў Стасеўцы, вывазкі буйнагабарытнага бытавога смецця.
* * *
Калектывы малочна-таварных ферм аграгарадкоў Хімы і Іванаўка ААТ “Міхалёўская Ніва” падчас Дня жывёлавода наведалі начальнік Бабруйскага філіяла Магілёўскага Дзяржплемпрадпрыемства Раіса Кавалёва, намеснік дырэктара “Міхалёўскай Нівы” Яўген Бокач, галоўныя спецыялісты гаспадаркі.
З работнікамі жывёлагадоўчых аб’ектаў абмеркавалі вынікі работы за два месяцы, а таксама справы ў бягучым. Была засяроджана ўвага на такіх актуальных пытаннях як павелічэнне прадуктыўнасці дойнага статку, павелічэнне прывагаў жывёлы, ўзнаўленне статку, захаванне маладняку.
— Дзякуючы ўзмоцненай рабоце па павелічэнні прадуктыўнасці рагуль, якая тут вядзецца, гаспадарка прырастае па малаку. Да прыкладу, з пачатку сакавіка тэмп росту валавой вытворчасці склаў 110% у параўнанні да папярэдняга года, — заўважыла Раіса Кавалёва.
Між тым, як было адзначана, патэнцыял для нарошчвання аб’ёмаў вытворчасці малака і мяса ў калектываў вялікі. Першае і асноўнае, што тут павінны ўзяць на ўзбраенне — безагаворачна выконваць тэхналагічныя рэгламенты да даення і вырошчвання буйной рагатай жывёлы. Каб дасягнуць адпавядаючых патрабаванням прывагаў, варта ўжо цяпер паклапаціцца пра кармавую базу на будучы год.