Восеньскае зябліва дае магчымасць раслінным парэшткам за зімовыя месяцы ператварыцца ў перагной — своеасаблівае арганічнае ўгнаенне, перамясціць у глыбінныя слаі хваробатворныя мікраарганізмы і пажніўныя рэшткі, папярэджвае рост пустазелля, павялічвае пладароддзе глебы ў параўнанні з веснавым ворывам. Да таго ж — і гэта бадай ці не самае галоўнае — скарачае тэрміны веснавой сяўбы, дазваляе правесці палявыя работы зладжана і своечасова.
У ААТ “Неўскі-Агра”, па словах галоўнага агранома Аляксандра Мельніка, ворывам ужо ахоплена 1000 гектараў, што складае палову ад неабходных плошчаў. “Будзем праводзіць гэтую работу і далей, дазволілі б толькі надвор’е ды фінансавыя магчымасці”, — разважае спецыяліст.
На полі за Ламбава, дзе яшчэ нядаўна расла кукуруза і куды мы наведаліся ў панядзелак, падняццем зябліва займаўся вопытны ў гэтай справе механізатар Сяргей Кафідаў. За 20 год, што працуе ў гаспадарцы, навуку гэтую ён спазнаў спаўна, у дробязях распавёў і нам, чаму глыбіня ворыва павінна быць менавіта такой і ніяк не меншай. Набыты вопыт, як з усмешкай заўважае механізатар, ужо дазваляе не толькі засяроджана глядзець перад сабой, але і паразважаць-памарыць за працай, не зніжаючы яе якасці. Ворывам ён займаецца з году ў год: спачатку ўвесну, пасля увосень, перапынак робіць толькі на час нарыхтоўкі сенажу — працуе на адвозцы травяной масы ад камбайнаў.

Сяргей Кафідаў
Родам мой субяседнік з Кубані. У Беларусь з маці прыехаў ў 1986 годзе. Жылі спачатку ў Асіповіцкім раёне, з 2002 года — на Бабруйшчыне. Тут будучы механізатар ажаніўся, у сям’і з’явіліся дзеці. Сын ужо дарослы, працуе за галоўнага бухгалтара на Клічаўшчыне, 15-гадовая дачушка — школьніца. Усё складваецца нядрэнна. Адзінае, што засмучае Сяргея Анатольевіча — нядаўняя страта маці, якая пайшла з жыцця ў 73 гады. У размове пра пандэмію, якую цяпер не абысці, адзначае, што і сам ён, і жонка хваробу ўжо перанеслі, да таго ж зрабілі прышчэпку ад кавіду.
— Цяпер трэба працаваць, — кажа хлебароб. — Праца для чалавека — многа значыць: дае магчымасць сябе рэалізаваць і зарабіць грошай.
Тэхніка, на якой Сяргей Кафідаў працуе, адпавядае ўсім сучасным патрабаванням — энерганасычаны трактар МТЗ-3522 у рабоце трэці год, плуг ППО 9-45 шырынёй захопу 4 метры набылі ў гэтую вясну клопатамі, як з удзячнасцю заўважае, Аляксандра Аляксандравіча Атрохава. На падняцці зябліва ў гаспадарцы працуе ў гэтыя дні таксама і Юрый Канаплёў.
Яшчэ ў “Неўскі-Агра” актыўна збіраюць ураджай кукурузнага зерня — па стане на раніцу ўчарашняга дня было ўбрана 225 гектараў ці 65% ад патрэбы, у сярэднім з круга бяруць па 65 цэнтнераў. За дадзеным відам работ засталі экіпажы камбайнаў у складзе старшага камбайнера Анатоля Шынкара і камбайнера Івана Паслядовіча, а таксама Рамана Радзіонава з Аляксандрам Ляпёшкіным. На адвозцы зерня працавалі Вячаслаў Балыка і Мікалай Крусір на МАЗах.
Іван Паслядовіч
Вячаслаў Балыка
Раман Радзіонаў і Аляксандр Ляпёшкін
Анатоль Шынкар
У цэлым жа па раёне, па дадзеных райсельгасхарчу, зябліва паднята на плошчы 5 тысяч гектараў пры патрэбе 14 тысяч. Лідар па ворыве — філіял “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік АграСэрвіс” — 590 га або 60% ад патрэбы. Нядрэнныя тэмпы ў ААТ “Неўскі-Агра”, філіяла “Варатынь” ААТ “БЗТДіА” — 499 га ці 48%, СВК “Гігант” — 975 га або 43% ад задання.
Кукуруза на зерне ўбрана з плошчы 1 565 гектараў, намалочана 7 874 тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці 50 ц/га. Найвышэйшы паказчык ураджайнасці ў “Гіганце” — 85 ц/га, другі па велічыні — у “Неўскі-Агра” (65 ц/га), трэці — у “Варатыні” (57 ц/га). І гэтая работа працягваецца.