Russian Belarusian Chinese (Simplified) English French German

logo

Адрес: 213809 г. Бобруйск, ул. Пушкина, 215а

Телефон приемной: 8 (0225) 74-99-41

E-mail: Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00

Вторник, 20 Июль 2021 10:56

Ад правільнага выбару сорту залежыць ураджайнасць

Пра гэта распавёў загадчык Баб­руйскага сортавыпрабавальнага ўчастка Дзяржаўнай інспекцыі па выпрабаванні і ахове сартоў раслін Сяргей Аляксеевіч Бурак. Днямі тут пачалі збор зерня азімых ячмянёў.

— Пасяўная плошча ў нас 20 гектараў. Гэта меней, чым было раней, калі адных толькі рапсаў выпрабоўвалі каля 70 гатункаў, буракоў цукровых 35-50, але работы дастаткова, — кажа субяседнік.

Бабруйскі сортаўчастак (напачатку размяшчаўся ў Цялушы) быў створаны яшчэ ў 1937 годзе ў мэтах правільнай арганізацыі насеннай справы і ліквідацыі наступстваў шкодніцтва ў гэтай вобласці па рашэнні Ураду СССР. Была праведзена карэнная рэарганізацыя ўсёй насеннай гаспадаркі і ў прыватнасці сортавыпрабавання — важнейшага звяна ў справе правільнага раянавання збожжавых культур. Сортаўчастак з’яўляецца структурным падраздзяленнем Дзяржаўнай інспекцыі па выпрабаванні і ахове гатункаў раслін. З адпаведных аб’ектаў на тэрыторыі Магілёўшчыны яшчэ Горацкая сортавыпрабавальная станцыя.

З ААТ «Міхалёўская Ніва» ўстановай заключаны дагавор на правядзенне дзяржаўнага сортавыпрабавання. На базе гаспадаркі ў гэтых мэтах вылучаны землі, памяшканні, у тым ліку складскія. Выгада ад супрацоўніцтва ўзаемная — у час маштабных работ, такіх як ворыва, догляд пасеваў на ўчастак прыцягваюцца працоўныя кадры з сельгасарганізацыі, і там жа застаецца ўвесь сабраны ўраджай, ад чаго паляпшаецца і павялічваецца насенны фонд гаспадаркі. З дырэктарам «Міхалёўскай Нівы» Аленай Пацыенка, па словах Сяргея Бурака, у гэтым плане поўнае паразуменне. Яна першая з кіраўнікоў, хто ўсвядоміў вартасць участка для сельгасарганізацыі. Зацікаўлены ва ўзаемадзеянні таксама райвыканкам, спецыялісты райсельгасхарчу, інспекцыі па насенневодстве, каранціну і ахове раслін.

— Ад правільнага выбару сорту залежыць многае, — кажа субяседнік. — з маіх супастаўленняў прыбаўка ўраджайнасці можа дасягаць 30 і болей працэнтаў. Таму так важна агранамічным службам вывучаць гатункі, знаходзіць найбольш падыходзячыя. Тым болей што для гэтага ніякіх перашкод — хоць да нас звяртайся, хоць адкрый камп’ютар і вывучай.
Асноўная задача ўчастка — даць аб’ектыўную ацэнку сорту ў тутэйшых агракліматычных умовах, выпрабаваць яго на гас­падарчую карысць, мэтазгоднасць выкарыстання ў рэгіёне. Дзеля гэта строга выконваюцца патрабаванні ўсяго тэхналагічнага ланцуга, вядзецца назіранне за раслінамі, дэталёвае апісанне гатункаў.

Па выніках выпрабаванняў пасля працуюць рэцэнзійныя камісіі, у складзе якіх вучоныя, вядучыя спецыялісты ў вобласці агранаміі краіны, спецыялісты інспекцыі. І тыя гатункі, якія пасля трохгадовага выпрабавання на ўчастку рэкамендуюцца ўклю­чыць у дзяржаўны рэестр, камісійна абмяркоўваюцца з прыняццем рашэння аб мэтазгоднасці выкарыстання. Гэта значыць — выпрабаваны гатунак па сваіх гаспадарча-біялагічных характарыстыках і прадукцыйнасці перасягнуў кант­рольны, з якім параўноўваўся.

За час работы Сяргея Бурака інспекцыяй апрабавана звыш 6 тысяч сартоў розных культур і гібрыдаў, якія рэкамендаваны для сельгасвытворцаў пад любую глебу, розныя кліматычныя ўмовы. «Толькі не лянуйся — працуй, атрымлівай добры, стабільны ўраджай, прадавай, кармі дзяржаву», — кажа субяседнік.

Як праводзіцца сортавыпрабаванне? Існуе дакладная методыка гэтага. Прычым, нядаўна з’явілася новая, набліжаная да сучасных умоў гаспадарання, сучасных тэхналогій вырошчвання раслін. Але ж у аснове застаецца савецкая школа сортавыпрабавання. Закладзенае ёй да дробязяў выверана, абгрунтавана, што гаворыць пра жаданне распрацоўшчыкаў палепшыць ура­джайнасць культур, павялічыць дабрабыт суайчыннікаў.

У гэтай сувязі Сяргей Бурак згадаў карыфея, як ён заўважыў, сортавыпрабавання і свайго прафесійнага настаўніка — Ула­дзіміра Міхайлавіча Станько з Цялушы, чалавека, які шмат год і працы аддаў гэтай справе, зай­маўся ёю з захапленнем і выкладкай.

Сам жа ён у цяперашняй прафесіі 16 год. Да гэтага працаваў аграномам-насенневодам, галоўным аграномам СВК «Гігант», намеснікам дырэктара цяперашняга філіяла «Варатынь». Родам мясцовы — з в. Малінаўка. Мае вышэйшую адукацыю — скончыў Горацкую сельгасакадэмію. Работа на сортаўчастку захапіла і многаму навучыла. «Агранамія — важная навука, а сортавыпрабаванне — двойчы важнае, — упэўнены субяседнік. — На шляху да ўраджаю вывучаем усё дасканала, да дробязяў: хваробы, шкоднікаў, колас, зерне. Строга выконваем усе метадычныя патрабаванні, разумеючы, што толькі на падставе такога падыходу можна даць аб’ектыўную ацэнку гатунку, дасягнуць пастаўленай мэты і задачы».

Як прафесіянал сваёй справы Сяргей Аляксеевіч гатовы дапамагчы, даць кампетэнтную параду кожнаму, хто выкажа інтарэс. Праўда, ахвотнікаў да апошняга, як з усмешкай заўважае, не так шмат. «Калі і тэлефануюць, то прыватнікі, якія нават нязначныя надзелы хацелі б выкарыстаць з найбольшай для сябе выгадай, — кажа субяседнік. — Вось і нядаўна жыхарка Кісялевічаў пазваніла, запыталася, параілася».

— Клімат мяняецца. У мяне ўжо два гады як пакутуе, палягае лён ад шквалаў і граду. Сёлета пасля ліўняў паляганне ільну таксама моцнае, але не крытычнае. Спадзяюся, што мы яго ўбярэм і дадзім ацэнку гатункам, — кажа загадчык участка.

Парада ж сельгасвытворцам ад яго — безагаворачна выконваць тэхналагічны працэс. У любым выпадку (нягледзячы нават на страты ад надвор’я) атрымаеш годны вынік. Тое, што закладзеш, расліна абавязкова аддасць.

Зараз на выпрабаванні баб­руйскага сортаўчастка ўся збожжавая група раслін: усяго 128 сортавопытаў. Задача стаіць — прымяніўшы тэхналогію, «выцягнуць» з гатунку ўсё, на што ён здольны ў дадзеных агракліматычных умовах. А каб «выцягнуць» — трэба штодзённа працаваць. Цяпер вось — збі­раць ураджай.

У мінулым годзе ўчастку вылучылі селекцыйны, прызначаны для невялікіх надзелаў камбайн. У гэтыя дні тэхніка задзейнічана на ўборцы азімага ячменю, ураджайнасць якога склала больш за 70 ц/га. Адбылася і яшчэ адна прыемная навіна — Сяргея Аляксеевіча ўдастоілі Ганаровай граматы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Падставай для гэтага стала яго плённая праца, прафесіяналізм, асабісты ўнёсак у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.
www.tribunapracy.by

Прочитано 208 раз
ЗанятостьТуризм и отдых Лицензирование Туристическая карта Бобруйского района Трудоустройство молодежи в свободное от учебы время
© 2013 г. Бобруйский районный исполнительный комитет
Разработка и поддержка: КУП «МОЦИС», г. Могилев.