На ячменнай ніве “Харчавіка-Агра” ў мінулую сераду засталі не толькі непасрэдных удзельнікаў жніва — камбайнераў і вадзіцеляў, але і кіруючы склад гаспадаркі — дырэктара Міхаіла Мікалаевіча Стрыжэўскага і галоўнага агранома Валянціну Якаўлеўну Масолаву, якія назіралі за ходам жніва, давалі тыя ці іншыя парады ўдзельнікам.
— Убіраюць без страт, — заўважыў Міхаіл Стрыжэўскі, схіліўшыся над пухнатым залацістым валком саломы, уважліва яго вывучаючы. — Гэта радуе. Бо першаступенная цяпер задача — якасна сабраць ураджай.

Валянціна Якаўлеўна Масолава
— Сёння першы дзень на азімым ячмені, — уступае ў размову Валянціна Масолава. — Да гэтага ўбралі сурэпіцу, 35 гектараў, намалацілі 80 тон зерня, з якіх 58 — рэалізавалі перапрацоўшчыкам. Сурэпіца ў цэлым парадавала, хоць чакалі лепшы ўраджай. Але ж негатыўна паўздзейнічала засушлівае надвор’е. Якраз у час, калі налівацца зерню, дажджоў не было. Убралі ўжо таксама насеннікі траў — з 15 гектараў атрымалі 11 тон. Вынік, лічу, нядрэнны.
Пад азімы ячмень ў гаспадарцы занята 25 гектараў. Убіралі яго трымя адзінкамі тэхнікі. Узначальвалі экіпажы зернеўборачных камбайнаў Уладзімір Аляксандравіч Юшкевіч, Юрый Уладзіміравіч Макавееў і Віктар Анатольевіч Крычко. На адвозцы зерня працавалі Яўген Аляксандравіч Дудаль і Віталь Мікалаевіч Сідараў. Пажарную бяспеку на жніве (бочка з вадой — абавязковае патрабаванне да дадзенага віду работ) ажыццяўляе Яўген Аляксандравіч Шынкаронак.
Ігар Аляксандравіч Шынкаронак
Яўген Аляксандравіч Дудаль
Віталь Мікалаевіч Сідараў
— Атрыманае з эліты зерне выключна ўсё будзем чысціць на насенне, — удакладняе галоўны аграном. — Ураджайнасць ячменнай нівы пакажа час, але на выгляд зерне недастаткова напоўненае: паўплывала засуха. Але ж укладзенае ў яго вырошчванне, дзякуючы таму, што тэхналогію строга выконвалі, вернецца.
Як заўжды зладжана прайшла ў “Харчавіку-Агра” корманарыхтоўка. З улікам сена, што на дзень нашага наведвання заставалася з палёў не звезеным, — нарыхтавана каля 17 ц к. адз. на ўмоўную галаву жывёлы, а маецца ж яшчэ і мінулагодні сянаж. “Галоднай наша жывёла не была і не будзе”, — канстантаваў дырэктар Стрыжэўскі.
Па дадзеных на ўчарашні дзень, азімы ячмень у філіяле “Харчавік-Агра” цалкам убралі, ураджайнасць зерня склала 35 цэнтнераў з гектара. Цяпер у гаспадарцы заняты ўборкай азімага рапсу.