Пачаўся тыдзень з інфармацыйнай гадзіны «Пісьменнікі-юбіляры-2014», на якой настаўнікі Галіна Сурыновіч і Наталля Жукава пазнаёмілі вучняў з творчым шляхам беларускага паэта А. Куляшова. А пра дзяцінства паэта паведамілі вучні 11 класа Крывіцкая Марына і Бандарчук Сяргей.
Першы дзень Тыдня быў адкрыты конкурснай гульнёй «Два караблі» сярод вучняў 5 класа. Ім загадзя было дадзена дамашняе заданне: даць назву камандзе, падрыхтаваць адпаведныя эмблемы і дэвіз. З ім вучні справіліся цудоўна. Заданні ў ходзе спаборніцтва каманд былі самыя розныя.
На другі дзень, у аўторак, 6-класнікі адправіліся разам з Галінай Сурыновіч у незвычайнае падарожжа «Сем цудаў Беларусі». Вучні пазнаёміліся з гісторыяй стварэння крыжа Е. Полацкай, даведаліся пра тое, як Ф. Скарына надрукаваў свой Псалтыр, паслухалі пра Мінскі абраз Божай Маці, атрымалі шмат цікавых звестак пра знакамітыя слуцкія паясы, здзейснілі завочную экскурсію ў Нацыянальны запаведнік — Белавежскую пушчу, паслухалі легенду пра стварэнне возера Нарач і пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення Сынковіцкай царквы. У канцы мерапрыемства была праведзена невялікая гістарычная віктарына «Славутыя імёны Беларусі».
У сераду ўсіх чакаў «Лінгвістычны конкурс». У ім удзельнічалі вучні 7-8 класаў. Весялосць, добразычлівасць, атмасфера даверу панавалі ў зале. Кіраўнік мерапрыемства Наталля Жукава падрыхтавала заданні з гумарам, якія ўзнялі настрой у вучняў, выклікалі цікавасць і жаданне прыняць удзел у конкурсе. Павучальнымі і гумарыстычнымі былі туры «меню з памылкамі», «вясёлая фразеалогія», «кожны мудрэц на свой абразец» і іншыя.
Чацвёрты дзень запомніўся правядзеннем «Дня лексікі» (10-11 кл.). Правільна ўжытае слова ў мове — паказчык культуры маўлення. Вучні апынуліся ў атмасферы кантрасту слоў-антонімаў, багацці адценняў слоў-сінонімаў, аўкцыёне прыказак і фразеалагізмаў і г.д. Усім было весела і цікава. 9-11 класы падрыхтавалі газеты, прысвечаныя да 100-годдзя нараджэння А. Куляшова.
У завяршальны дзень Тыдня адкрыла дзверы літаратурная гасцёўня з праграмай, прысвечанай паэту-юбіляру беларускай літаратуры А. Куляшову «Ёсць у паэта свой аблог цалінны...» Удзельнікі — вучні 9-11 класаў. Мерапрыемства ўдалося на славу. Вучні яшчэ раз зрабілі падарожжа па жыццёвым і творчым шляху пісьменніка, душой дакрануліся да паэтычнага слова. Гучалі вершы паэта.
Тыдзень прайшоў на добрым узроўні, паказаў, што вучні цікавяцца беларускай мовай, літаратурай, фальклорам, спадчынай. Такія тыдні трэба праводзіць не толькі таму, што яны павучальныя, змястоўныя, цікавыя, а яшчэ і таму, што яны прывіваюць любоў да роднай мовы. І хочацца верыць, што тыя вучні, якія душой дакрануліся да творчасці беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, будуць імкнуцца, каб роднае слова гучала ў вяках.
Наталля Жукава, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Цялушскага ВПК «Дзіцячы сад-СШ»