— Запыты ўсіх хлопцаў задаволены — дзе хто выказаў жаданне служыць, туды папярэдне і накіраваны. Былі запыты і на Міністэрства ўнутраных спраў, і на сілы спецыяльных аперацый, адзін малады чалавек папрасіўся ў кіналагічны цэнтр, бо, як патлумачыў, надта любіць займацца з сабакамі, — адзначыў Аляксей Беразоўскі.
Пачынаючы з красавіка, для знаёмства з прызыўнікамі, іх адбору ў войска, у ваенкамаце будуць ладзіцца сустрэчы прадстаўнікоў воінскіх часцей, дзе маецца патрэба ў папаўненні, з тымі, хто адправіцца выконваць грамадзянскі абавязак.
Усяго ў сёлетні веснавы прызыў Бабруйскі ваенкамат плануе накіраваць на тэрміновую воінскую службу і службу ў рэзерве звыш 350 чалавек.
Настроем некаторых юных землякоў мы пацікавіліся:
Дзмітрый Акуліч, аг. Вялікія Бортнікі

— Папрасіўся ў сувязісты. Па-першае, што знаёмыя параілі, а яшчэ таму, што мала куды падыходжу па здароўі. Просьбу маю задаволілі — накіроўваюць у Мінск. Да таго ж, я зараз ад ваенкамата навучаюся ў ДТСААФе на вадзіцеля. І ў часці, напэўна, буду несці службу па гэтай спецыяльнасці, што для мяне нядрэнна. Настрой? Добры. Што адцягваць — калі “годны”, значыць, трэба ісці. 20 год ужо — пара. Калі раптам дзедаўшчына? Не баюся. Упэўнены, што ўсё будзе добра.
Станіслаў Грыдасаў, в. Коўрын:

— Скончыў Гомельскі чыгуначны ліцэй. Прасіўся я ў войскі ўнутраных спраў, можна спецпрызначэння. Дзе дакладна буду несці службу, стане вядома пасля 7 красавіка, калі паклічуць наступнай павесткай.
У войска хацеў ісці. Дзеля гэтага рыхтаваўся — займаўся спортам. Лічу, што трэба аддаць даніну Айчыне за тое, што выгадавала, і каб сваю краіну, родных абараняць у будучым, калі раптам узнікне такая неабходнасць. Адслужу, набяруся ведаў і буду здольны да гэтага (усміхаецца).
Уладзіслаў Крывіцкі, в. Панкратавічы:

— Скончыў Чырвонабярэжскі аграрны каледж. Па спецыяльнасці яшчэ не працаваў, але размеркаванне атрымаў — слесарам у ААТ “Неўскі-Агра”.
Мяне прызываюць у вайсковую часць 3214, якая дыслакуецца ў Мінску — унутраныя войскі. Буду вадзіцелем. Настрой на войска нармальны. Тым болей, што ўсе мае сябры ўжо адслужылі. А непасрэдна ў гэтай часці нёс службу сябар, адозвы станоўчыя. Дома будуць чакаць бацькі і малодшы брат. Ці буду сумаваць па іх? Паглядзім (усміхаецца), напэўна.
Павел Цяніцкі, в. Малыя Бортнікі:

Малады чалавек звярнуўся ў камісію з заявай адмовіцца ад вызвалення яго ад прызыву і прадастаўлення адтэрміноўкі па вучобе з наступным прызывам на тэрміновую службу.
— Да службы ў войску стаўлюся станоўча. Больш таго — марыў пра вайсковую прафесію з дзяцінства: любіў чытаць кніжкі пра гэта, захаплялі адпаведныя гульні. Прафесія абараняць Радзіму цікавіла, як і мужнасць людзей, якія прысвяцілі сябе гэтай справе. Адсюль і станоўчая настроенасць на войска. Тым болей што здароўе дазваляе, вердыкт медкамісіяй вынесены — “годны”. Мне прапанавалі пайсці альбо ў ДТСААФ ад ваенкамата бясплатна, набыць прафесію вадзіцеля катэгорый В, С. Альбо, калі ёсць настрой на вучобу, здаць цэнтралізаванае тэсціраванне і паспрабаваць паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову МУС у Магілёве. У тым, ці варта працягваць вучобу, сумненні ёсць, а вось прапанова набыць вадзіцельскае пасведчанне падабаецца. Хутчэй за ўсё гэтаму перавагу і аддам. Але ж, час ёсць, памяркую.
Да слова сказаць, Павел маленькім трапіў у дзіцячы дом — бацькоў пазбавілі правоў на яго, дваіх сясцёр і брата. Пасля дзіцячага дома да чацвёртага класа быў у Міхалёўскім дзіцячым прытулку, пасля, разам з братам, — на выхаванні ў прыёмнай сям’і Галіны Аляксандраўны Нікіфаравец з в. Каменка, за што вельмі ўдзячны. Сёстры выхоўваліся ў іншых сем’ях, але вучыліся ўсе ў Каменскай школе. Пасля 9-ці класаў юнак паступіў у Бабруйскі механіка-тэхналагічны каледж, там жа навучаецца і брат. Старэйшая сястра, як расказаў Павел, асвойвае будучую прафесію ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, другая — у Бабруйскім мастацкім каледжы. Паміж сабой усе дзеці стасуюцца, сябруюць, падтрымліваюць адзін аднаго.
Па словах прызыўніка, ён адмоўна ставіцца і да гарэлкі, і да курэння. Лічыць, што гэта сапраўдныя ворагі чалавека і жыццёвых планаў. Яго ж мара — быць здаровым, кіраваць сваім жыццём, абраць па душы справу, прыносіць карысць сабе і іншым.