
Асноўным пытаннем сярод тых, што абмеркавалі ў Туголіцы і Глушы, стаў зварот жыхароў да дэпутата з просьбай пасадзейнічаць адкрыццю ў пасёлках гандлёвых кропак “Еўраопт”. Лінейка тавараў гэтага рытэйлера значна шырэйшая за тую, што прапаноўваюць мясцовыя крамы Кіраўскага райста і індывідуальнага прадпрымальніка і па большасці пазіцый, як лічаць вяскоўцы, прадукты там таннейшыя. Між тым ехаць за імі ў гарадскія магазіны, асабліва для пенсіянераў, нязручна.
Уладзімір Гацко заўважыў, што вывучаў пытанне і накіраваў запыт-прапанову ў ТАА «Еўрагандаль». Спецыялісты арганізацыі вывучаць сітуацыю і прымуць рашэнне. Калі прапанова іх зацікавіць, крамы гандлёвай сеткі з’явяцца ў Бабруйскім раёне. Акрамя гэтага існуе магчымасць аформіць заказ у гэтай гандлёвай сетцы праз інтэрнэт-краму на сайце https://e-dostavka.by/
Пляцоўка пад забудову магазіна ў Туголіцы, па словах дэпутата, маецца, знайшлася б адпаведная і ў Глушы. Аднак трэба разумець, што выстаўляцца яна будзе, згодна з заканадаўствам, на аўкцыён, а там ужо хто выйграе — “Еўраопт” ці нехта іншы.
Разам з тым Уладзімір Уладзіміравіч паабяцаў пасадзейнічаць паляпшэнню якасці абслугоўвання ў мясцовых крамах, найперш — пашырэнню асартыменту тавараў. Самім жа пасялкоўцам параіў не губляцца, а рабіць замовы ў магазінах на той ці іншы неабходны тавар, ад чаго карысць будзе і пакупнікам, і гандлярам.
У Туголіцы таксама падымаліся пытанні рамонту дарог, усталявання дзіцячай гульнёвай пляцоўкі, вырубкі дрэў, іншыя. Па кожным з іх дэпутат паабяцаў разабрацца. Тлумачэнні будуць даведзены да жыхароў у тым ліку праз мясцовую ўладу.